Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад маршаў пратэсту да страйкаў, ад страйкаў — да рэальных перамен


BELARUS – Opposition supporters carrying former white-red-white flags of Belarus parade through the streets during a rally to protest against the Belarus presidential election results in Minsk on October 18, 2020
BELARUS – Opposition supporters carrying former white-red-white flags of Belarus parade through the streets during a rally to protest against the Belarus presidential election results in Minsk on October 18, 2020

Напярэдадні ўсебеларускага страйку пачуў ад адной замежнай карэспандэнткі: «Людзі мусяць бачыць нейкі вынік сваіх высілкаў, яны ня могуць хадзіць на маршы проста так бясконца». Ня толькі яна, многія (асабліва за мяжой) сумняваюцца ў плёне таго, што бачаць у відэасюжэтах зь Беларусі. Маўляў, ходзяць і ходзяць — а сэнс? А сэнс і плён — навідавоку.

Сьцісла

  • Нядзельныя маршы пратэсту — вяршыня айсбэрга пратэстаў, якія адбываюцца штодня на розных узроўнях.
  • Маршы даюць сілу для страйкаў.
  • За страйк 26 кастрычніка маральную адказнасьць узяла Сьвятлана Ціханоўская.
  • Магчыма, Сьвятлана Ціханоўская пачала сваю кампанію падрыхтоўкі да наступных — вольных — выбараў

Плён маршаў пратэсту — гэта, безумоўна, маштабны страйк, які адбываецца ў Беларусі 26 кастрычніка 2020 году. Прынамсі ў ХХІ ст. нічога падобнага ў краіне не было. Хтосьці скажа, што для агульнанацыянальнага маштабу ўдзельнікаў мала. Але можна сьмела запярэчыць, што ва ўмовах прававога дэфолту і фактычнага тэрору з боку дзяржавы акцыі 26 кастрычніка — вялікі посьпех грамадзянскай супольнасьці.

Важны момант: упершыню ад пачатку пратэстаў за страйк 26 кастрычніка ёсьць адказная асоба (прынамсі, маральна) — Сьвятлана Ціханоўская. Якая перад тым падкрэсьлівала, што яна ня лідэр, а сымбаль пратэстаў. І праўда, на маршах пратэсту ў асноўным гучыць толькі адно імя — Лукашэнкі, і толькі ў адным кантэксьце: «Сыходзь!»

Я ўпэўнены, што без папярэдніх адзінаццаці маршаў у людзей не было б такой рашучасьці страйкаваць. Бо маршы паказваюць і рашучасьць, і салідарнасьць, і маштаб пратэстаў.

А крыху раней мы пабачылі, што ўпершыню за чвэрць стагодзьдзя ляяльныя да Лукашэнкі «бюджэтнікі» ў шэрагу рэгіёнаў адмаўляліся ехаць на праўладны мітынг. Усё таму, што людзі бачаць рашучасьць, і ўсё ад маршаў.

Маршы фактычна вымываюць падмурак піраміды ўлады, якую Лукашэнка разам з зацікаўленымі чыноўнікамі і бізнэсоўцамі выбудоўваў так доўга.

Цяпер відавочна, што людзей, якія хочуць пратэставаць, але не пратэстуюць, спыняе выключна боязь перад рэпрэсіўнай машынай альбо страх страціць даход. У кожным разе ключавое слова тут — «страх».

Выходзіць у асноўным «крэатыўная кляса», якая яшчэ нядаўна жыла ў сваёй паралельнай ад лукашэнкавай рэальнасьці, а залежныя ад дзяржавы (гэта значыць пэрсанальна ад Лукашэнкі) былі больш-менш задаволеныя сваімі даходамі.

Сёньня маршамі крэатыўная кляса дэманструе сабе і ўсім астатнім грамадзянам, што «кароль» практычна голы. Лукашэнка ня можа ўжо трэці месяц узяць сытуацыю пад кантроль. Разбураецца міт пра ўсёмагутнага волата-чараўніка Лукашэнку, які і дождж можа даць у засуху, і прыдуманых ім саміх ворагаў перамагчы.

26 кастрычніка 2020 году да прахадных некаторых прадпрыемстваў прыгналі аўтазакі, а дзе-нідзе амапаўцы затрымалі рабочых. Беспрэцэдэнтна для часоў кіраваньня Лукашэнкі. Раней падчас страйкаў рэпрэсавалі толькі актывістаў. Цяпер ёсьць сьведчаньні пра пабітых у аўтазаках горадзенскіх рабочых «Азоту». Гэта своеасаблівы момант ісьціны, калі разбурыўся галоўны міт пра Лукашэнку як «абаронцу простага народу».

І гэта ўсё — ад маршаў.

Маршы дэманструюць «простаму народу», што Лукашэнка не такі ўжо і ўсёмагутны. Тое самае бачаць і чыноўнікі, у тым ліку «сілавікі».

У Беларусі працягваецца пазыцыйная вайна. Своеасаблівая раўнавага магчымасьцяў. «Сілавікі» ня могуць задушыць пратэсты, пратэстоўцам не хапае вагі, каб цалкам пазбавіць гвалт сэнсу.

Слова «вайна» я не лічу перабольшаньнем. Адно што ў Беларусі яна не халодная, не гарачая, а «цёплая». Страляюць гумовымі кулямі, якія не забіваюць, але калечаць. Зрэшты, часам і забіваюць.

Такое адчуваньне, што Лукашэнка наўмысна падаграе сытуацыю, бо рэпрэсіі толькі больш злуюць людзей. А значыць, будуць наступныя маршы.

Глябальна працяг пратэстаў азначае, што Лукашэнку ніхто ў сьвеце ня дасьць крэдыту, сюды ня пойдуць інвэстыцыі. «Навошта такі кіраўнік?», — падумаюць на розных узроўнях піраміды ўлады. Ідэя неабходнасьці новага кіраўніка краіны пашырыцца ў галовах. Лягічна падумаць пра асобу, якую лічаць пераможцай на выбарах.

Тое, што Сьвятлана Ціханоўская ўзяла на сябе маральную адказнасьць, заклікаўшы да агульнанацыянальнага страйку, сьведчыць, што яна фактычна пачала сваю другую выбарчую кампанію. Гэтым разам не як намесьніца мужа Сяргея Ціханоўскага, якога Лукашэнка кінуў за краты, а як самастойны палітык.

Магчыма, неўзабаве мы пабачым новыя лёзунгі пратэсту, які набудзе ня толькі мэту «супраць»: «Лукашэнка, сыходзь!», але і лёзунг «за»: «Сьвятлана, прыходзь!»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG