Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігнор Лукашэнкі на ўсіх узроўнях». Вольга Кавалькова расказала пра стратэгію Каардынацыйнай рады


Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Традыцыйная нядзельная акцыя пратэсту ў Менску сабрала больш за 100 тысяч чалавек, стаўшы самай масавай як мінімум у кастрычніку. Акцыя адбываецца ў крайні тэрмін «народнага ўльтыматуму», які вылучыла Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле ўмоваў гэтага ўльтыматуму Лукашэнка павінен быў да нядзелі, 25 кастрычніка, абвясьціць аб сваёй адстаўцы, вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць міліцэйскі гвалт на вуліцах. У адваротным выпадку ў панядзелак, 26 кастрычніка, мае распачацца агульнанацыянальны страйк.

Лукашэнка, як і чакала большасьць назіральнікаў, ад улады не адмовіўся і выпусьціў толькі некалькіх палітвязьняў. Гвалт на акцыях пратэсту працягваўся і ў нядзелю. Чаго чакае ад панядзелка Каардынацыйная рада, у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» расказала сябра яго прэзыдыюму Вольга Кавалькова.

— Сьвятлана Ціханоўская чакала, што на вуліцы выйдзе ўся Беларусь. Выйшла?

— Людзі, вядома ж, выходзяць. Сёньня на тых кадрах, якія я бачу зь Менску, — масавыя акцыі пратэсту, вялікая колькасьць людзей.

— Вольга, чаго вы чакаеце ад заўтрашняга дня? Як гэта ўсё пачнецца — тая самая агульнанацыянальная забастоўка?

— Тут важна, што кожны для сябе прымае рашэньне: я не іду на працу. Важна, што для людзей, якія прынялі для сябе такое рашэньне, ёсьць дапамога і падтрымка, якую дэкляруюць фонды салідарнасьці зь Беларусьсю. Але трэба адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць і разумець, што сёньня асноўны рухавік зьменаў у Беларусі — беларускі народ і тыя людзі, якія не галасавалі за Аляксандра Лукашэнку, а падтрымалі дэмакратычнага кандыдата і прагаласавалі за Сьвятлану Ціханоўскую, за новыя выбары, за новую Беларусь.

Важная стратэгія грунтуецца на нашым бачаньні і на нашых задачах у грамадзянскай супольнасьці. Калі сёньня Аляксандар Лукашэнка асабіста ня чуе, што яму кажа беларускі народ, то, мне здаецца, далейшая стратэгія — гэта ігнор Аляксандра Лукашэнкі на ўсіх узроўнях, у тым ліку і ў самой Беларусі. Грамадзянская супольнасьць ужо сёньня фармуецца на нізавых структурах у абʼяднаньні, якія будуць прымаць рашэньні за свой двор, за свой раён і за свой горад. І гэта фактычна сёньня цэнтар у Беларусі — ня ўлада, якая адарваная [ад народу]. Калі ўлада ня будзе падпарадкоўвацца, ня будзе выконваць рашэньні гэтых нізавых абʼяднаньняў людзей, якія выходзяць на вуліцы, то, фактычна, людзям такая ўлада не патрэбная.

— Як гэта можа працаваць на практыцы? Вось я жыву, у мяне ёсьць пэнсія — мне яе прыносяць прадстаўнікі дзяржаўных структур. У мяне ёсьць двор — яго абслугоўваюць прадстаўнікі камунальных службаў, таксама дзяржаўных. У мяне ёсьць дзяржаўныя нейкія крамы. Як гэта ўсё заменяць дваровыя абʼяднаньні, пра якія вы кажаце?

— Мы ня кажам пра замену, мы кажам пра ігнараваньне.

— Мне прыносяць пэнсію, а я гэта ігнарую?

Не, пачакайце, не пра пэнсію гаворка. Тут розныя ўзроўні прыняцьця рашэньняў у розных ведамствах. Мы цяпер гаворым пра тое, што калі міністэрства, ведамства, якое ня дзейнічае ў інтарэсах народу, не выконвае іх патрабаваньняў, то гэта будзе іх ігнараваньне. Мы не гаворым цяпер пра Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Не Аляксандар Лукашэнка плаціць пэнсіі, пра якія вы цяпер кажаце. Пэнсію плацяць тыя людзі, якія працуюць. У нас сыстэма так пабудавана — разьмеркавальная сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня. Калі беларусы перастануць працаваць, то пэнсію плаціць ня будзе каму. І ня трэба казаць, што Аляксандар Лукашэнка асабіста або міністэрства плаціць людзям пэнсіі. Гэта ўвогуле адарвана ад рэальнасьці. Калі яны не пачуюць патрабаваньняў народу аб тым, што ўлада павінна належаць людзям, то бізнэс ня будзе працаваць, ён ня будзе плаціць падаткаў у бюджэт, пэнсію ня будзе чым плаціць.

— Гэтае прыпыненьне павінна пачацца заўтра. У вас ёсьць нейкія дамоўленасьці зь бізнэсам, зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, з дробным бізнэсам пра тое, што яны сапраўды не пачнуць заўтра працаваць?

— Бізнэс — гэта адна структура, але ёсьць яшчэ дзяржаўныя структуры, дзяржаўныя прадпрыемствы. Дамовіцца з кіраўнікамі дзяржпрадпрыемстваў — гэта трэба мець ружовыя акуляры. Зь людзьмі, якія там працуюць, — так. Вядома ж, ёсьць кантакты і з страйкавымі камітэтамі, вядома ж, ёсьць кантакты зь бізнэс-супольнасьцямі. Ужо цяпер велізарная частка стартапаў і IT-бізнэсаў зь Беларусі сыходзіць. І гэты працэс, на жаль, будзе працягвацца, таму што ніхто сёньня ў Беларусі пры тых умовах, якія створаныя для бізнэсу, ня бачыць пэрспэктывы для разьвіцьця — пры Лукашэнку, пры тых заціснутых мэханізмах і пры непразрыстым падаткаабкладаньні.

Я асабіста ня маю [ілюзій], што ўсё здарыцца ў адзін дзень. Мы, вядома ж, на гэта працуем. Але па тым, як сытуацыя разьвіваецца ў апошнія два месяцы, мы бачым, што ёсьць дзьве задачы. Па-першае, задача ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці і нізавых ініцыятываў, якія ёсьць цяпер, для таго каб супрацьстаяць тым выклікам, якія стаяць і ў Беларусі, і з боку Расейскай Фэдэрацыі, таму што ў іх таксама ёсьць свой плян па кантролі. Калі яны могуць кантраляваць толькі Лукашэнку, яны, магчыма, будуць выкарыстоўваць сцэнар кантролю над сыстэмай. І тут вельмі важныя нізавыя ініцыятывы і лідэры, гэтыя абʼяднаньні. І другі паралельны працэс — гэта працэс ігнараваньня ўлады. І працэс, што мы самі можам замест гэтай улады прапанаваць. Мне здаецца, усе мы працуем на розныя працэсы.

Каардынацыйная рада сёньня — гэта шырокае прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасьці, зь якім мы цяпер павінны працягваць працаваць, мы дамо свой плян. Такім чынам, ня толькі выходзячы ў нядзелю на пратэсты, мы зможам супрацьстаяць сыстэме і руйнаваць яе, фармуючы сілу ў людзях і ў тых абʼяднаньнях, якія ёсьць цяпер на месцах.

— А вы бачылі сацыялягічнае апытаньне, якое было праведзена брытанскай арганізацыяй: беларусаў пыталіся онлайн, за каго яны галасавалі?

— Не, ня бачыла.

— Гэтае дасьледаваньне правёў Chatham House. Асноўная выснова, якую яны робяць, — што большасьць прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую, Лукашэнка набраў каля 20%. Паказчык, які мяне зацікавіў, — людзі адказвалі, што ў асноўным ня ведаюць, чым займаецца Каардынацыйная рада, і хацелі б больш актыўнасьці. Чаму яны так ацэньваюць працу Каардынацыйнай рады?

— Вядома, мы абсалютна самакрытычныя. І пытаньне тут у тым, што калі Лукашэнка ўбачыў сілу Каардынацыйнай рады і той узровень даверу, які людзі аказваюць яго чальцам, ён зрабіў усё магчымае, каб разграміць раду і зрабіць яе працу менш эфэктыўнай, у тым ліку і выгнаньнем лідэраў, і арыштам лідэраў прэзыдыюму, якія цяпер яшчэ працягваюць знаходзіцца ў турме. Але з упэўненасьцю магу сказаць, што ў нас плян ёсьць і мы ў найбліжэйшы час яго для беларусаў прэзэнтуем.

Нашая задача — гэта грамадзянская супольнасьць, гэта тыя людзі, якія цяпер удзельнічаюць у акцыях. Мы будзем працягваць рабіць усё магчымае для таго, каб умацаваць гэты сэгмэнт. Але я самакрытычная. Я бачу, што, на жаль, Аляксандар Лукашэнка дзейнічаў так, таму што ў яго не было ніякіх шанцаў нейкім чынам паказваць, што ён абраны людзьмі, і ён спрабаваў процідзейнічаць лідэрам: вывез з краіны Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх астатніх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG