Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская гарадзкая выбарчая камісія апублікавала афіцыйныя вынікі галасаваньня. За Ціханоўскую — 15%


11 жніўня Менская гарадзкая камісія па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь прыняла рашэньне «Пра ўстанаўленьне вынікаў галасаваньня».

Афіцыйныя вынікі выбараў у Менску такія (у пераліку на працэнты з акругленьнем да дзясятых) :

  • Андрэй Дзьмітрыеў — 1,9% галасоў,
  • Ганна Канапацкая — 3,2%,
  • Аляксандар Лукашэнка — 64,5%,
  • Сьвятлана Ціханоўская — 14,9%,
  • Сяргей Чэрачань — 2%,

супраць усіх — 10%,
несапраўдных бюлетэняў — 3,4%.

Афіцыйная лічба яўкі — 67,5%

10 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абʼявіла, што ў цэлым па краіне паводле папярэдніх дадзеных Аляксандар Лукашэнка атрымаў 80,23% галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%.

Андрэй Дзьмітрыеў, паводле папярэдніх афіцыйных лічбаў, атрымаў 1.04%, Ганна Канапацкая — 1.68%, а Сяргей Чэрачань — 1.13%. Супраць усіх — 6,02. Яўка — 84,23%.

10 жніўня на прэс-канфэрэнцыі штабу Сьвятланы Ціханоўскай назвалі шэсьць участкаў у розных раёнах Менску, дзе, паводле афіцыйных пратаколаў, кандыдатка перамагла Лукашэнку зь вялікім адрывам. Пазьней фатаграфіі пратаколаў, дзе Ціханоўская пераважае па колькасьці галасоў, працягвалі зьяўляцца ў сацыяльных сетках.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

10 жніўня на прэс-канфэрэнцыі штабу Сьвятланы Ціханоўскай назвалі шэсьць участкаў у розных раёнах Менску, дзе, паводле афіцыйных пратаколаў, кандыдатка перамагла Лукашэнку зь вялікім адрывам. Пазьней фатаграфіі пратаколаў, дзе Ціханоўская пераважае па колькасьці галасоў, працягвалі зьяўляцца ў сацыяльных сетках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG