Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымушаюць людзей маліцца і малоцяць дручкамі». Аповед расейскага журналіста, якога затрымалі ў Менску


Ілюстрацыйнае фота

Карэспандэнт расейскага выданьня Znak.com Мікіта Целяжэнка быў затрыманы беларускімі сілавікамі 10 жніўня каля 19:00 у цэнтры Менска на вуліцы Нямізе.

У той момант там пачыналася маштабная акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Целяжэнку зьбілі і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Жодзіне, дзе журналіст знаходзіўся амаль суткі. Калі ён паспрабаваў паказаць рэдакцыйнае пасьведчаньне, сілавікі заявілі, што яно падробленае.

Як расказаў Целяжэнка тэлеканалу «Настоящее время», яго білі, часта для забавы, і ўтрымлівалі ў камэры на двух чалавек разам зь яшчэ 20-30 затрыманымі. Вызваліць журналіста ўдалося толькі пры садзейнічаньні пасольства РФ у Беларусі: пасля гэтага Мікіту ў суправаджэньні супрацоўнікаў консульства давезьлі да расейскага Смаленску.

Целяжэнка расказаў, што яго арыштавалі, калі ён пісаў СМС у рэдакцыю пра тое, што адбывалася ў цэнтры Менску.

— Да мяне пад'яжджае мінівэн, зь мінівэна выходзяць цалкам экіпіраваныя байцы. Яны бачаць, што я проста пішу нешта ў тэлефоне. Пісаў я СМС. Але яны палічылі, што гэта «Тэлеграм» і што я маю доступ да інтэрнэту. І ўсіх людзей, хто калупаецца ў Беларусі ў тэлефоне ў працэсе паходаў, яны ўсіх абвяшчаюць, як я разумею, патэнцыйнымі каардынатарамі ўсіх гэтых пратэстаў.

Мяне даставілі ў РУУС Маскоўскі. Там сіла ўжывалася да ўсіх без выключэньня: любое пытаньне, якое не задавальняла супрацоўнікаў беларускай міліцыі, тут жа сканчалася зьбіцьцём. Людзі крычалі, людзі ад болю хадзілі пад сябе.

І ўсё гэта праходзіла пры поўным спакоі ўсіх астатніх супрацоўнікаў міліцыі, якія, па сутнасьці, павінны абараняць людзей. Яны смакуюць [гэта]. Яны прымушаюць людзей маліцца, калі пачынаюць іх біць. Кажуць: чытай «Ойча наш»! І малоцяць дручкамі, нагамі і ўсім астатнім. Білі па галаве, білі па нагах. Чалавека, якога вялі перада мной, з усяго размаху дзеля жарту дзюбанулі аб дзьвярны вушак.

Усіх звальваюць разам у актавую залю. Першае, што ты бачыш, – гэта людзі, па якіх ходзяць як самі супрацоўнікі міліцыі, так і тыя самыя затрыманыя: яны таксама вымушаныш ісьці па людзях. Таму што ступіць няма куды.

Усе ляжаць пад нагамі, усе крычаць, просяць дапамогі. Дапамога не аказваецца. У лепшым выпадку табе не прыляціць па галаве.

Калі ты заходзіш, цябе кладуць тварам на падлогу. Ты павінен глядзець у падлогу. Мяне гэта, балазе, абмінула. Але таварыш ляжаў побач, пазбавіўся, хіба што, зубоў.

Блізу 16 гадзін ляжыш у становішчы, дзе ў цябе галава за сьпінай, разагнуцца нельга, галаву падняць нельга, перасесьці нельга. У прыбіральню з дазволам. Калі ўсё нармальна, то дазволяць, калі не – хадзі пад сябе, і многія так і робяць. Пры мне было каля 150 чалавек затрыманых, толькі ў адным Маскоўскім РУУС. Людзей зьбівалі як мінімум на двух ці трох паверхах, мяркуючы па крыках, якія стаялі. Ваду не атрымаць, а калі атрымаць, то толькі ў парадку чаргі. І ня факт, што табе дастанецца тое, што ты хацеў.

Усіх людзей, якія раніцай яшчэ застаюцца ў РУУС, спускаюць уніз на першы паверх, дзе знаходзяцца камэры, разьлічаныя на два-тры чалавекі. У іх загружаюць 20-30 чалавек, а там няма абсалютна ніякай вэнтыляцыі. Людзям забараняюць сядзець, людзям забараняюць паварочвацца. Усё роўна, які ўзрост, які пол. Проста людзі стаяць і марынуюцца.

Кандэнсат ад дыханьня зьяўляецца на сьценах, на столі. Цячэ па столі. Ты рэальна стаіш у вадзе, ня ведаеш, чым дыхаць. Людзі трацяць прытомнасьць ад таго, што дыхаць няма чым. Але нікому ніякай справы няма. Калі ты, ня дай Бог, нешта прасіў, гэта можа кепска скончыцца, табе ж і прыляціць.

Там былі людзі з пашкоджаным хрыбетнікам, з разьбітымі рукамі і нагамі, страсеньнем. Нічога нікому не далі. Максімум могуць кагосьці вынесьці на насілках цішком, пакуль ты ня бачыш. Жывы чалавек ці мёртвы – ты нават не даведаешся. Калі, ня дай Бог, ты падняў галаву – табе адразу прылятае.

Калі ты прасядзеў недзе дзьве гадзіны ў гэтай камэры, прыяжджаюць супрацоўнікі спэцыяльнага атрада хуткага рэагаваньня, грузяць чалавека ў аўтазак. Прычым грузяць такім чынам, што людзі ляжаць штабелямі, адзін на адным. І дыхаць тым, хто апынуўся ніжэй, проста становіцца няма чым. Таму атрымліваецца, што калі вы выяжджаеце, людзі зь перабітымі канцавінамі проста крычаць ад болю.

У момант, калі машына паехала, нам усім сказалі ўстаць на кукішкі, рукі за галаву, сагнуць шыю. Проста атрымліваецца, калі ты едзеш, ты ня можаш апусьціцца, на нешта абаперціся. Толькі ты апускаеш галаву ніжэй, падымаеш яе вышэй – табе тут жа пачынаюць прылятаць пабоі. Табе абсалютна забаронена на нешта абапірацца. І калі канваірам становіцца сумна, яны проста, гэта самае жудаснае відовішча, калі людзі сядзяць, ня могуць падняць галаву, ім кажуць: «Сьпявайце гімн Беларусі» і вязуць праз увесь горад.

Дапусьцім, калі хтосьці ўстаў камусьці на руку, то чалавек просіць устаць: «Прыбяры нагу з маёй рукі». Калі ён гэта робіць без дазволу канваіраў, чалавека зноў б'юць.

Ехалі мы нейкімі прасёлкамі, мяркуючы па тым, як трэсла. І ў момант, калі даехалі, некаторым людзям стала фізычна дрэнна. І іх, па сутнасьці, выкідалі з аўтазака ў турму. Гэта называецца ІЧУ, але наогул па сутнасьці гэта турма. Жодзіна, па-мойму, называецца. Ты абсалютна ня ведаеш, куды ты едзеш, табе не тлумачаць, што табе прадʼяўляецца. На пытаньне, што ты парушыў, зноў жа, ідуць пабоі па печані, па нырках, па сьпіне, па галаве. Цябе заводзяць, пагражаюць табе: «Вы цяпер прыедзеце на хату, вас там «петушыць» будуць па чарзе, мы ўжо дамовіліся».

Зьмясьцілі ў нейкі дворык для прагулак, і ў гэтым шпацырным дворыку мы і чакалі моманту, калі нас расьселяць. Але праблема ў тым, што разам з намі прыехалі яшчэ восем аўтазакаў — мы былі сёмымі — і чарга была вельмі вялікая. Ты стаіш на вуліцы. А ўжо не травень месяц. Людзі сядзяць, чакаюць, але многія цешацца, што хоць бы іх ня бʼюць у гэты момант. То бок людзі рэальна радуюцца турме, што там іх не малоцяць.

Уражаньне такое, што ніякай скідкі на тое, што ты грамадзянін Расеі, на тое, што ты журналіст, ня робіцца. Калі ты трапіў, усё роўна, праз што ты ішоў, ты атрымаеш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG