Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Медуза»: Пяць прычын, чаму відэа, дзе Ціханоўская заклікае спыніць пратэсты, пастановачнае


Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская.

Пасьля ад’езду Сьвятланы Ціханоўскай у Літву ў інтэрнэце зьявіліся два яе відэазвароты. У першым, апублікаваным на канале яе мужа, яна глядзіць у камэру і расказвае, што ў яе не было выбару, таму яна мусіла зьехаць. У другім звароце, выкладзеным у праўладным телеграм-канале, Ціханоўская, чытаючы тэкст па паперцы, заклікае спыніць пратэсты.

Вось, паводле выданьня «Медуза», пяць прычын, чаму гэтае відэа было запісанае пад ціскам.

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

Відэа апублікавала не каманда Ціханоўскай, а телеграм-канал, створаны для крытыкі апазыцыянэраў

Відэазварот упершыню апублікавалі ў телеграм-канале «Жёлтые сливы». У 12:56 там зьявілася паведамленьне «У нас тут эксклюзіў, чакайце падрабязнасьцяў». А ў 13.00 на канале выклалі відэа звароту. Мяркуючы па мэтададзеных, у 12:57 відэа адрэдагавалі апошні раз.

Канал «Жёлтые сливы» апублікаваў першае паведамленьне 29 траўня сёлета — у дзень, калі затрымалі блогера і прадпрымальніка Сяргея Ціханоўскага, мужа Сьвятланы Ціханоўскай. Ён зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі, але пасьля «сыгналу» Аляксандра Лукашэнкі яго пасадзілі. Першыя пасты каналу — гэта абразьлівыя мэмы ў адрас апазыцыі. У далейшым там публікавалі запісы, у якіх крытыкавалі апазыцыю і пратэсты.

Відэа зьнялі ў кабінэце кіраўніка ЦВК Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская зачытвае зварот, седзячы на канапе. Такая ж канапа стаіць ў кабінэце кіраўніцы беларускай ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Відэа запісалі перад зьнікненьнем Сьвятланы Ціханоўскай з ЦВК

Мяркуючы з мэтададзеных, арыгінал відэазапісу створаны 10 жніўня ў 18:38. У гэты час Ціханоўская якраз знаходзілася ў ЦВК. Прыкладна ў 16:10 яна зайшла ў будынак, каб аспрэчыць вынікі выбараў. У 18:55 адвакат Максім Знак, які быў разам зь ёй, выйшаў з будынка Цэнтрвыбаркаму і паведаміў, што Ціханоўская сышла адтуль адна і не сказала, куды. Яна выйшла празь іншы выхад — ня той, дзе яе чакалі журналісты.

Сьвятлана Ціханоўская чытае зварот з паперкі і з інтанацыяй, якая не адпавядае тэксту

У роліку відаць, што Ціханоўская зачытвае тэкст зь ліста. Яна не падымае вачэй і ўвесь час глядзіць у тэкст. Пры гэтым яна чытае невыразна: напрыклад, ня робіць націску на відавочным звароце «беларусы» ў пачатку прапановы. Для параўнаньня можна паглядзець любы іншы зварот Ціханоўскай — напрыклад, той, у якім яна расказвае аб прычынах ад’езду ў Літву: ён куды больш эмацыйны.

Два звароты Ціханоўскай, выкладзеныя ў адзін дзень, вельмі адрозьніваюцца стылем відэазапісу

Відэазапісы адрозьніваюцца ракурсам і плянам. У першым відэазвароце (аб ад’езьдзе) Ціханоўская трымае камэру вэртыкальна і здымае сама — на фоне сьцяны. У другім яна сядзіць на канапе, яе здымаюць здалёк і гарызантальна. Мэтададзеныя файлаў зь відэазапісамі таксама моцна адрозьніваюцца.

Другі відэазварот Сьвятланы Ціханоўскай:

Ці магло быць, што ролікі зьнялі адной камэрай, а потым моцна адрэдагавалі? Тэарэтычна так, але, мяркуючы па адсутнасьці сур’ёзнага мантажу, наўрад ці гэта сапраўды адбылося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG