Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня мог перамагчы, а таму вырашыў паралізаваць супраціў шокавай тэрапіяй, — Карбалевіч


Сілавікі падчас пратэстаў у Менску, 9 жніўня
Сілавікі падчас пратэстаў у Менску, 9 жніўня

Вынікам гэтых выбараў стаў траўмаваны соцыюм. Такія раны краіна атрымлівае звычайна пасьля грамадзянскай вайны. І з такім траўматычным комплексам беларусам давядзецца жыць бліжэйшымі гадамі, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Вялізныя чэргі на выбарчых участках — нябачаная рэч для Беларусі. Абсалютная большасьць людзей у чэргах — гэта прыхільнікі перамен.
  • Прыход людзей на выбарчы ўчастак быў дэманстрацыяй грамадзянскай пазыцыі, своеасаблівым кукішам на адрас уладаў.
  • Палітычнае кіраўніцтва фактычна паказала, што яго мала цікавіць легітымнасьць выбараў. Стаўка робіцца на голую сілу.
  • Афіцыйныя вынікаў выбараў настолькі неверагодныя ў электаральным кантэксьце, што ім не дадуць веры нават прыхільнікі Лукашэнкі.
  • Кіраўнік Беларусі імкнецца агаломшыць людзей настолькі неверагоднай лічбай сваёй перавагі, каб паралізаваць усялякую волю да супраціву.

Чэргі на ўчастках

Дзень 9 жніўня прынёс нябачаную для беларускіх выбараў сытуацыю: вялізныя чэргі на выбарчых участках. Такога не было ў краіне з выбараў 1994 году. Апошнім часам хадзіць галасаваць лічылася ў Беларусі дрэнным тонам. Таму што за чвэрць стагодзьдзя выбары як інстытут зьніклі тут зусім. І вось сёлета раптам людзі масава пайшлі на выбарчыя ўчасткі. На некаторых зь іх давялося стаяць 3-4 гадзіны. Наўрад ці можна сумнявацца, што абсалютная большасьць гэтых людзей — прыхільнікі перамен. Тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, хутчэй за ўсё, прагаласавалі датэрмінова.

Чарга да выбарчага ўчастку ў асноўны дзень галасаваньня
Чарга да выбарчага ўчастку ў асноўны дзень галасаваньня

Прычым наўрад ці гэтыя выбаршчыкі, якія стаялі ў доўгіх чэргах, верылі, што іх галасы падлічаць справядліва. Бо тое, што тварылі ўлады апошнія 2–3 месяцы, разьвеяла апошнія ілюзіі наконт іхнай добрасумленнасьці. Прыход гэтых людзей на выбарчы ўчастак быў дэманстрацыяй грамадзянскай пазыцыі, сымбалічным жэстам, своеасаблівым кукішам на адрас уладаў. А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не прыдумала нічога лепшага, як заявіць, што чэргі на ўчастках — гэта «арганізаваная правакацыя» з боку пратэставага электарату. Тым самым яна фактычна прызнала, што народ, які стаяў у чэргах, — гэта пратэставы электарат.

Сумнеўная легітымнасьць выбараў

9 жніўня Беларусь фактычна апынулася ў стане аблогі. На мяжы абмежавалі ўезд замежнікаў. ДАІ і вайсковыя машыны кантралявалі пад’езды да Менску, правяралі аўтамабілі. Часткова перакрылі цэнтар сталіцы і абласных гарадоў. Узьніклі сур’ёзныя праблемы з інтэрнэтам. Нібыта ўлада рыхтаваліся да нейкай вайны.

Выезд зь Менску з боку праспэкту Дзяржынскага, 9 жніўня
Выезд зь Менску з боку праспэкту Дзяржынскага, 9 жніўня

Палітычнае кіраўніцтва фактычна паказвала, што яго мала цікавіць легітымнасьць выбараў, то бок давер грамадзтва да афіцыйна прад’яўленых вынікаў. На іхным парадку дня стаіць задача ўтрымаць уладу любым коштам. Стаўка робіцца на голую сілу.

Пра тое, што пытаньне даверу мала хвалюе ўлады, сьведчаць афіцыйныя лічбы вынікаў выбараў. Паводле іх, за Аляксандра Лукашэнку нібыта аддалі голас 80,23% удзельнікаў выбараў, за Сьвятлану Ціханоўскую — 9,9%. Лічбы настолькі неверагодныя ў электаральным кантэксьце, што ім не дадуць веры нават прыхільнікі Лукашэнкі. Тады навошта ўлады гэта робяць? Чаму б не абвясьціць аб перамозе Лукашэнкі з вынікам, напрыклад, 51%? У такім выпадку, магчыма, нейкая частка грамадзтва ў гэта і паверыла б.

Паралізаваць волю да супраціву

Аднак такі парадак лічбаў па выніках выбараў тлумачыцца двума чыньнікамі. Па-першае, Лукашэнка ня можа прызнаць перад самім сабой, што ён ужо не народны кумір, а зусім наадварот. Ён працягвае лічыць сябе правадыром, «бацькам» нацыі. А «бацька» ня можа атрымліваць нейкі няшчасны 51%.

Па-другое, Лукашэнка імкнецца лячыць узбударажанае грамадзтва шокавай тэрапіяй. Патрэбна агаломшыць людзей настолькі неверагоднай лічбай сваёй перавагі, каб з дапамогай такога шоку паралізаваць усялякую волю да супраціву. І адначасова паказаць народу, што ён у гэтай краіне поўны і безагаворачны гаспадар, што захоча, тое і зробіць, і ніхто не пасьмее абмяжоўваць ягоны нораў.

Пратэст у Менску, 9 жніўня
Пратэст у Менску, 9 жніўня

Дарэчы, на дзясятках участкаў, паводле афіцыйных пратаколаў, перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Можна меркаваць, што выбарчая машына дала збой і на гэтых участках чальцы камісій ня сталі фальсыфікаваць вынікі. Прычым шмат дзе перавага Ціханоўскай над Лукашэнкам у гэтых пратаколах аказалася большая ў 2, 3, 4 разы. І гэта ламае, змазвае агульную карціну, якую малюе ЦВК. Бо так не бывае па законах матэматыкі, каб у горадзе на некаторых участках адзін кандыдат перамагаў з перавагай у 70%, а на іншых з такім жа вынікам фаварытам аказваўся ягоны праціўнік. Магчыма, і з гэтай прычыны ЦВК так доўга не абвяшчала папярэднія вынікі выбараў.

Лукашэнка ня мог перамагчы

Па ўсіх папярэдніх раскладах («падпісная» рэвалюцыя, масавыя мітынгі ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, галасаваньне ў сацыяльных сетках, тыя ж чэргі на ўчастках для галасаваньня і інш.) дзейны кіраўнік ня мог перамагчы на гэтых выбарах. Думаю, гэта разумеў і сам Лукашэнка. Менавіта таму былі ўключаныя нябачаныя для беларускіх выбараў палітычныя рэпрэсіі, ліквідаваныя любыя мэханізмы незалежнага кантролю за працэсам галасаваньня і падлікам галасоў.

На папярэдніх выбарах таксама ўсё было зусім недэмакратычна. Але тады Лукашэнка ўсё ж меў некаторую электаральную перавагу над бліжэйшымі апанэнтамі. І гэта магло служыць пэўным апраўданьнем адключэньня дэмакратычных мэханізмаў. Цяпер усё па-іншаму. Мы маем сытуацыю клясычнай узурпацыі ўлады.

Патэнцыял пратэстаў

Што тычыцца пратэстаў. Упершыню ў гісторыі Беларусі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў прымянілі супраць пратэстоўцаў дымавыя шашкі, гумовыя кулі, вадамёты.

З аднаго боку, стыхійная самаарганізацыя, разгрупаваньне па розных месцах сталіцы стварыла пэўныя праблемы для сілавых структураў. Але, зь іншага боку, адсутнасьць адзінага пляну, канкрэтных задач, патрабаваньняў, кіраўніцтва, прызнаных лідэраў робіць гэтыя пратэсты ў значнай ступені халастымі. Большасьць насельніцтва Беларусі, якое прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую, пакуль не гатовае абараняць здабытую перамогу.

А галоўны вынік гэтай выбарчай кампаніі палягае ў тым, што беларускае грамадзтва атрымала цяжкую траўму. З такой жа траўмай давядзецца жыць і ўладзе. Бо легітымнасьць гэтых выбараў, улады Лукашэнкі, у цэлым кіроўнага рэжыму апынулася пад вялікім сумневам. Інакш кажучы, вынікам гэтых выбараў стаў траўмаваны соцыюм. Такія раны краіны звычайна атрымліваюць пасьля грамадзянскай вайны. І з такім траўматычным комплексам беларусам давядзецца жыць бліжэйшымі гадамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG