Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заламалі рукі, паклалі тварам у асфальт». Сьведчаньні карэспандэнта AFP, якога затрымалі ў ноч на 10 жніўня


Пратэсты ў Менску, фота Сяргея Гапона
Пратэсты ў Менску, фота Сяргея Гапона

Падчас разгону пратэстоўцаў у Менску позна ўвечары 9 жніўня затрымалі фотакарэспандэнта Agence France-Presse​ Сяргея Гапона. Разам зь ім у МАЗ-аўтазак закінулі апэратара дзяржаўнага БТ.

Паводле Сяргея, гэта здарылася незадоўга да поўначы. Ён стаяў за міліцэйскім ачапленьнем у раёне стэлы «Менск — горад-герой» з боку Палацу спорту.

«Ніякай пагрозы не агучвалі, раз-пораз міліцыянты нагадвалі, каб захоўваў бясьпечную дыстанцыю, — расказвае фатограф Свабодзе. — Натуральна, абазначаны як супрацоўнік прэсы — камізэлька, каска, пасьведчаньне. Побач стаяў апэратар БТ Сяргей Шумскі, што таксама дадавала ўпэўненасьці. І раптам у нейкі момант выскачылі амапаўцы, заламалі нам абодвум рукі і запхнулі ў аўтазак».

Гапона і Шумскага запхнулі ў двухмесную камэру, духата там была невыносная. Унутры аўтазаку міліцыянты да яго ставіліся стрымана. Амапаўцы прапаноўвалі ваду, а раз-пораз адчынялі дзьверы і ганялі імі паветра».

«Да пачатку другой гадзіны ночы езьдзілі па цэнтры, было выдатна чуваць, што адбываецца звонку: выбухі сьвятлашумавых гранатаў, удары міліцыянтаў па шчытах, воклічы „Жыве Беларусь!“ і „Сыходзь!“, — апавядае Сяргей Гапон. — Пэрыядычна спыняліся, закідвалі новых людзей. Пасьля гэтага пераехалі ў раён плошчы Перамогі, які я пазнаў па набярэжнай».

Там іх перагрузілі ў іншы аўтазак, вялікі МАЗ. Як кажа Сяргей, па адным выводзілі на вуліцу, зноў заломвалі рукі, укладвалі тварам у асфальт. Потым разам зь іншымі затрыманымі закінулі ў хвост спэцфургону і выпусьцілі ўжо на тэрыторыі турмы на Акрэсьціна.

«Паставілі тварам да сьцяны, рукі ўгару, — кажа Сяргей Гапон. — Па чарзе выклікалі ў пакой для дагляду, скінулі ў адзін „вазок“ на колах, як у краме, усе рэчы, пачалі разьмяркоўваць па камэрах. Мы з Шумскім сказалі, што журналісты. Тады нас перавялі ў іншы пакой, высьвятлялі паміж сабой, што рабіць. Урэшце пад раніцу выпусьцілі».

Як удакладняе Сяргей Гапон, раніцай проста адчынілі дзьверы і сказалі «выматвацца адсюль». Прасіць прабачэньня за перашкоды прафэсійнай дзейнасьці ніхто не падумаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG