Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У аўтазаку я быў увесь у крыві», — Яўген Заічкін, здымкі якога абляцелі інтэрнэт, жывы


Непрытомны Яўген Заічкін 9 жніўня
Непрытомны Яўген Заічкін 9 жніўня

Здымкі Яўгена Заічкіна, дзе ён без прытомнасьці ляжыць у крыві на траве ў раёне праспэкту Пераможцаў, распаўсюджваюцца ў сеціве. Шмат хто падумаў, што хлопец загінуў. Яўген жывы, хаця апавядае Свабодзе, што моцна пацярпеў падчас затрыманьня.

«Фатаздымкі, напэўна, рабілі ў момант, калі мяне з аўтазаку пераносілі ў „хуткую дапамогу“, — кажа Яўген. — Мне ў аўтазаку стала кепска і я страціў прытомнасьць. Я так зразумеў, што „хуткая“ не магла пад’ехаць, таму мяне паклалі на зямлю, а дактары ўжо дабіраліся да мяне празь людзей».

Яўген кажа, што на ім была лёгкая белая майка, падчас затрыманьня яе парвалі. Таму на фота ён ляжыць бяз майкі, толькі ў шортах і чырвоных кедах, відаць усе ягоныя тату.

«Затрыманьне раптоўна адбылося. Мы выходзілі зь пераходу на Нямізе і рухаліся ў бок стэлы. Умомант спыніўся белы мікрааўтобус, адтуль высковаюць чалавек 5-6, можа больш, у чорным адзеньні з надпісам АМАП. Накінуліся на нас, пачалі заштурхоўваць у машыну. Я калі пабачыў, што яны бягуць, зразумеў, што гэта па нас. Я стаў на калені, выцягнуў рукі, каб паказаць, што ў мяне нічога няма. Але гэта іх не спыніла», — апавядае Яўген.

«Калі затрымлівалі, білі дубінкамі, дактары наклалі чатыры швы на губу, казалі, што страсеньне мозгу, але пераломаў няма. Крыві шмат выцекла. У аўтазаку я ўвесь быў у крыві, мне далі нейкую вату, яна засохла, папрыліпала да адзеньня».

Яўген усю ноч быў у шпіталі. Кажа, што ранкам прыйшоў доктар і сказаў, што няма пераломаў, тады ён папрасіўся дахаты.

«Ранкам да мяне прыходзіў міліцыянт, апытваў. Я апавёў усё, як было. Яны мне выпісалі паперу, каб я зафіксаваў пабіцьцё. Але я адмовіўся, расьпісаўся толькі пад тым, што ён пытаў. Напэўна, я ня буду скардзіцца, гэта проста бессэнсоўна», — кажа Яўген.

«Баліць галава, ад удараў баліць усё цела, сінякі, задзірыны», — апісвае ён свой цяперашні стан. У шпіталі разам зь Яўгенам у палаце быў адзін пацярпелы. У яго, зь Яўгенавых словаў, была разьбітая галава. «Як і большасьць, хацеў падтрымаць наш народ. Як з усімі», — тлумачыць Яўген, чаму пайшоў да стэлы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, пратэсты зафіксавалі ў 33 гарадах, каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску. «У выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што адзін чалавек загінуў падчас пратэсту мінулай ноччу ў Менску. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі заявілі, што падчас акцыяў пратэсту ніхто не загінуў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG