Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў пасьлявыбарчы гвалт у Беларусі і заклікае вызваліць затрыманых


Жузэп Барэль

Ноч пасьля выбараў у Беларусі «была азмрочаная непрапарцыйным і непрымальным дзяржаўным гвалтам супраць мірных удзельнікаў акцыі пратэсту», — пішуць у супольнай заяве Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, і Олівер Вархэі, эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня.

Выкарыстаньне ўладамі гвалту, адзначаюць Барэль і Вархэі, «як паведамляецца, прывяло да гібелі аднаго грамадзяніна, а многія іншыя атрымалі раненьні. Мы асуджаем гвалт і заклікаем неадкладна вызваліць усіх затрыманых цягам мінулай ночы. Улады Беларусі павінны забясьпечыць выкананьне асноўнага права на мірныя сходы».

Олівэр Вархей
Олівэр Вархей


Высокія прадстаўнікі Эўразьвязу таксама апэлююць да Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, каб яна апублікавала вынікі, якія «адлюстроўваюць выбар беларускага народу».

«Мы будзем надалей уважліва сачыць за падзеямі, каб ацаніць, як далей фармаваць адказ і адносіны ЭЗ зь Беларусьсю з улікам сытуацыі, якая разьвіваецца», — заканчваюць свой заклік Барэль і Вархэі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG