Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Інтэрнэт адключаюць з-за мяжы, каб выклікаць незадаволенасьць насельніцтва»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком місіі назіральнікаў СНД Сяргеем Лебедзевым 10 жніўня заявіў, што на Беларусь «спрабуюць мэтанакіравана ціснуць з розных бакоў» і «гібрыдна дзейнічаюць ува ўсіх кірунках» — у тым ліку адключаюць доступ да інтэрнэту, піша БелТА.

«Камусьці карціць, заклікаюць выходзіць на вуліцы, — казаў Лукашэнка. — Нават з-за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасьць у насельніцтва. Цяпер нашы спэцыялісты разьбіраюцца, адкуль ідзе гэтае блякаваньне. Таму, калі інтэрнэт дрэнна працуе, гэта ня наша ініцыятыва, гэта з-за мяжы».

Беларусы паведамлялі аб праблемах з доступам да шэрагу замежных, а затым і беларускіх рэсурсаў ад раніцы 9 жніўня. Праблемы з доступам застаюцца і 10 жніўня. У ліку недасяжных беларусам рэсурсаў былі мэсэнджэры, сацыяльныя сеткі, а таксама незалежныя выданьні. Але на доступ да дзяржаўных СМІ нараканьняў не было, хоць Нацыянальны цэнтар абмену трафікам сьцьвярджае, што назіраў атаку на абсталяваньне, на якім разьмяшчаюцца дзяржаўныя сайты, у тым ліку КДБ і МУС.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам» (правайдэр ByFly, а таксама адзін з апэратараў зьнешняга трафіку) заявіла 10 жніўня, што яшчэ з 8-га назіралі «значны рост трафіку са зьнешніх IP-сетак з-за межаў Беларусі» і «кібэратакі рознай ступені» на сайты дзяржаўных органаў і рэсурсы кампаніі.

Пры гэтым недасяжныя зь Беларусі інтэрнэт-рэсурсы нармальна працуюць з-за мяжы, а ў Беларусі блякуюцца сродкі абыходу блякаваньняў. Ня толькі на месцы масавых акцыяў, але і наагул у цэнтрах гарадоў кепска працавала мабільная сувязь, паведамлялі відавочцы.

Тэхнічныя спэцыялісты заявілі Tut.by, што праблемы маглі быць выкліканыя ўсё ж дзеяньнямі «Белтэлекаму» і НЦАТ — зьвязанымі зь фільтравальным абсталяваньнем на зьнешніх каналах. Магчыма, кажуць экспэрты, спрабавалі адфільтраваць частку трафіку, як то VPN-сэрвісы або «непажаданую» інфармацыю.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG