«Хваля DDoS-атак на беларускі інтэрнэт». Беларусы скардзяцца на праблемы з доступам да Telegram, Viber, Youtube і сайтаў СМІ

абноўлена

Шэраг беларусаў наракае ў сацыяльных сетках на праблемы з доступам да розных інтэрнэт-сэрвісаў.

Паводле сайту Downdetector.com, у Беларусі наракаюць на адсутнасьць доступу да сэрвісаў Google (праблемаў у суседніх краінах амаль няма, але ёсьць у Нямеччыне), Telegram (праблемы таксама ў Расеі і Ўкраіне, але ня Польшчы і краінах Балтыі), Viber (таксама ва Ўкраіне і на поўдні Эўропы), Youtube (таксама ў Нямеччыне).

Марудна працуюць Facebook і гульнявыя сэрвэры. На сайце Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам, які кантралюе як беларускі, так і міжнародны трафік, паведамляюць пра «хвалю DDoS-атак на беларускі інтэрнэт»

«Нацыянальным цэнтрам рэагаваньня на кампутарныя інцыдэнты Рэспублікі Беларусі (CERT.BY) 2020/08/08 каля 22:00 зафіксавана вялікая хваля DDoS-нападаў на інфраструктуру сеткі BY-NET. Устаноўлена, што нападам паддавалася абсталяваньне, на якім зьмешчаныя, у тым ліку, сайты Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусі (kgb.gov.by) і Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі (mvd.gov.by)», — паведамляе нацыянальны цэнтар абмену трафікам.

З раніцы 9 жніўня назіраюцца праблемы з доступам да сайтаў Эўрарадыё, «Нашай нівы» і Kyky.org. Сайты адкрываюцца не ўва ўсіх.

Кампанія Hoster.by растлумачыла Tut.by, што праблемы з доступам да «Нашай нівы» і Kyky розныя, але зьвязаныя з частковым блякаваньнем замежнага трафіку: першае выданьне мае праблемы з выкарыстаньнем DNS-сэрвэраў Cloudflare, другое — з праверкай сапраўднасьці SSL-сэртыфікатаў.

​
XS
SM
MD
LG