Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт выявіў 17 падазраваных у «гвалце супраць АМАП» падчас разгону пратэстоўцаў 14 ліпеня ў Менску


Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра разьвіцьцё крымінальнай справы аб «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак», «супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў» і «гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў» у Менску 14 ліпеня.

Крымінальныя справы паводле артыкулаў за «супраціўленьне» і «гвалт» (363 і 364 КК РБ) аб’ядналі ў адну, падазраванымі прызналі 17 чалавек, якія «чынілі гвалт супраць супрацоўнікіў АМАП». Дзесяцёх утрымліваюць пад вартай, а васьмі ўжо выставілі абвінавачаньне.

«У ходзе допытаў большасьць прызналі віну ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і ўчыненьні гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі і раскаяліся ва ўчыненым, — піша Сьледчы камітэт. — Шэраг абвінавачаных ініцыятыўна выказалі жаданьне папрасіць прабачэньня перад супрацоўнікамі міліцыі».

Новых дэталяў пра справу за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак» СК не паведамляе.

Сьледчы камітэт дадае, што «сваімі паводзінамі арганізатары і ўдзельнікі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў дэстабілізуюць становішча ў краіне і ставяць пад пагрозу бясьпеку іншых законапаслухмяных грамадзян».

Увечары 14 ліпеня, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, калі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі, людзі пачалі стыхійна выходзіць на вуліцы ў розных раёнах Менску, а таксама ў іншых гарадах і паселішчах. Міліцыя і АМАП жорстка затрымлівалі пратэстоўцаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG