Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стабільнасьць, каранавірус і АМАП. Пра што кажуць выбарнікам давераныя асобы Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка

Пакуль альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты аб’яжджаюць краіну для агітацыі, праводзяць пікеты і сустрэчы з выбарнікамі, Аляксандр Лукашэнка афіцыйна заяўленых агітацыйных мерапрыемстваў не праводзіць.

У апошнія тыдні дзеючы кіраўнік дзяржавы наведвае вайсковыя часткі, дзе, у прыватнасьці, паглядзеў на разгон мітынгу вадамётамі і заявіў, што прэзыдэнтам можа стаць толькі той чалавек, які адслужыў у войску.

Але сустрэчы з выбарнікамі праводзяць давераныя асобы Лукашэнкі. Вось фрагмэнты гутарак некаторых зь іх, якія запісалі тэлеканал «Настоящее время» і Радыё Свабода.

«Калі журналісты лупяць амапаўцаў па сьпіне, іх можна затрымліваць»

Алег Румо — вядомы на ўсю краіну хірург-трансплянтоляг, заслужаны лекар Беларусі, член Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. На сустрэчы з выбаршчыкамі ў Заводзкім раёне Менску ён патлумачыў, чаму стаў даверанай асобай дзейнага прэзыдэнта і як прыйшоў да гэтага.

У камэнтары «Настоящему времени» Алег Румо распавёў, што хоча растлумачыць людзям сваю грамадзянскую пазыцыю і пераканаць тых, хто яшчэ ня вызначыўся, «хоць я выразна разумею, што значная колькасьць грамадзян ужо зрабілі свой выбар». Ён дадаў таксама, што агітаваць за дзейнага прэзыдэнта складана, таму што «за час, пакуль Аляксандар Лукашэнка — прэзыдэнт, вырасла цэлае пакаленьне людзей».

«Я прыйшоў расказаць, што ў гэтай краіне, жывучы, працуючы і напружваючыся, можна зрабіць кар’еру і стаць вядомым», — пачаў Румо свой выступ. Ён успомніў 1994 год — першыя прэзыдэнцкія выбары, сваю зарплату лекара памерам $7 і найманую кватэру за $15 — і прызнаўся, што тады не галасаваў за Лукашэнку.

Алег Румо
Алег Румо

«Калі мы сышлі ад камунізму, трапілі ў такую яму», — лічыць Алег Румо. Але потым, паводле яго слоў, усё стала мяняцца да лепшага. Ён упэўнены, што Беларусь лепш за шмат якія краіны дала рады каранавірусу — таму што «не развалілі мэдыцыну, захавалі ложкі, годны ўзровень аказаньня мэдычнай дапамогі».

Камэнтуючы затрыманьні каля КДБ, калі людзі прыйшлі падаваць хадайніцтвы за арыштаванага суперніка Лукашэнкі Віктара Бабарыку, хірург адзначыў, што гэта была правакацыя [з боку апанэнтаў Лукашэнкі]. Румо лічыць, што калі закон забараняе рабіць тое, што, «можа, вам здаецца цалкам нармальным і спакойным, то трэба рабіць намаганьні, каб гэты закон зьмяніць, у тым ліку праз такіх людзей, як я, праз дэпутатаў: тлумачыць і пераконваць».

На пытаньне аб затрыманьні журналістаў на акцыях Румо адказаў: «Калі журналісты ўдзельнічаюць у незаконных акцыях, калі журналісты лупяць амапаўцаў па сьпіне, маё глыбокае перакананьне: іх можна затрымліваць».

«Улада, якая прыходзіць і сыходзіць, моцнай быць ня можа»

Адна з давераных асоб Лукашэнкі — намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан. Менавіта яна на пачатку эпідэміі каранавірусу праводзіла брыфінгі Міністэрства аховы здароўя і на пытаньні журналістаў аб тым, чаму ведамства хавае статыстыку, адказвала: «Што вам дадуць гэтыя лічбы?».

Стаўшы даверанай асобай дзейнага прэзыдэнта, Алена Богдан пайшла ў водпуск, каб праводзіць агітацыйныя сустрэчы. Тры зь іх чыноўніца правяла ў Ганцавічах — раённым цэнтры Берасьцейскай вобласьці. Пра першую расказалі журналісты выданьня «Ганцавіцкі час». Сустрэча прайшла ў кінатэатры «Маладосьць», на ёй прысутнічалі каля 30 чалавек. Фатаграфаваць на мерапрыемстве забаранілі.

У выступе Алена Богдан расказала сваю біяграфію і шмат гаварыла аб правільнасьці дзеяньняў кіраўніка дзяржавы ў супрацьстаяньні каранавірусу. Пытаньне даверанай асобе прэзыдэнта змагла задаць толькі дырэктарка Дому культуры.

На наступны дзень на сустрэчу Богдан з работнікамі ПМК-14 (перасоўная мэханізаваная калёна «Пінсксаўгасбуд») журналістаў выданьня «Ганцавіцкі час» не пусьцілі, а самі супрацоўнікі даведаліся пра яе за некалькі гадзін да пачатку. Але нехта запісаў выступ на дыктафон.

Алена Богдан
Алена Богдан

Больш за ўсё пытаньняў да намесьніцы міністра аховы здароўя было пра сытуацыю з каранавірусам, на што Богдан часта прыводзіла ў прыклад Гішпанію, дзе «падвойныя стандарты». Яна папракнула журналістаў, што яны не расказваюць у сувязі з гэтым пра заслугі прэзыдэнта і органаў дзяржаўнага кіраваньня: «Як перапрафілявалі ложкавы фонд. Як мы навучылі спэцыялістаў абсалютна ўсіх профіляў аказваць дапамогу з каранавіруснай інфэкцыяй. Як мы куплялі лекавыя сродкі, калі ўсе краіны зачыніліся і забаранілі вываз лекавых сродкаў. Як мы перапрафілявалі працу нашай фармацэўтычнай прамысловасьці, якую мы захавалі, нашу, дзяржаўную».

Пра тое, як звычайныя беларусы ўсёй краінай зьбіралі грошы на сродкі індывідуальнай засьцярогі для мэдыкаў і як валянтэры тры месяцы развозілі гэта ўсё, а таксама пітную ваду і абеды па лякарнях краіны, Алена Богдан не ўзгадала.

На пытаньне, чаму АМАП б’е і разганяе людзей у Менску і іншых гарадах краіны, Богдан адказала пытаньнем: «А што, АМАП першым руку падняў на людзей?».

«Калі амапавец паварочваецца сьпінай, а яму нагамі б’юць у сьпіну дзяўчаты-падлеткі, чаму гэта ніхто не паказвае? Але ўсе чамусьці бачаць кавалак сюжэту», — лічыць чыноўніца.

Богдан зноў адзначыла «падвойныя стандарты», але ўжо ў прэсе, і раскрытыкавала «трэці штаб» — верагодна, аб’яднаны штаб Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы.

«Сэнс у жыцьці ёсьць — гэта тое, што мы тут нарадзіліся, мы тут працуем. А нехта зьедзе. Правядзе гэтую палітычную кампанію і зьедзе. Яе запрасілі сюды, грошы заплацілі, яна іх адпрацуе. Яна іх вельмі якасна адпрацоўвае. Яна ўмее, таму што яе гэтаму вучылі. І вось яшчэ адно пытаньне — трэцяму штабу — дзе вы будзеце жыць, калі ўсё скончыцца: у Беларусі? Ці ў свой Штутгарт паедзеце? Больш чым упэўненая: адкуль прыехала, туды і паедзе», — сказала намесьніца міністра, маючы на ўвазе, верагодна, Марыю Калесьнікаву, каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, якая жыла і працавала ў Штутгарце.

Алена Богдан таксама правяла сустрэчу з выбарнікамі ў сярэдняй школе № 3 у Ганцавічах. На пытаньне, ці выступае яна за зьмяняльнасьць улады, Багдан адказала, што яна — за моцную ўладу. «Улада, якая прыходзіць і сыходзіць, моцнай быць ня можа, таму што чалавек не пасьпявае несьці адказнасьць за тыя рашэньні, якія ён прымае. Вось гэта маё меркаваньне», — цытуе Богдан TUT.BY.

«Мы знаходзімся ў гэтай вялікай геапалітычнай варонцы»

Прэс-сакратарка дзейнага прэзыдэнта Натальля Эйсмант паехала ў Вялейку: там жылі яе дзядуля з бабуляй па бацькоўскай лініі. Адкрываючы сустрэчу, яна адзначыла, што ў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі «няма сэнсу праводзіць нейкія буйныя агітацыі», але даведацца аб праблемах людзей і іх настроі можна, толькі прыехаўшы да іх.

Выданьне «Край.by» выбрала самыя цікавыя моманты яе выступу.

На сустрэчы Натальля Эйсмант адзначыла, што на ўсёй постсавецкай прасторы не засталося ніводнай краіны, якая б за 25 гадоў сувэрэнітэту ня мела ўнутраных ці зьнешніх канфліктаў, грамадзянскіх войнаў: «Паглядзіце, што адбываецца ў суседзяў Армэніі і Азэрбайджану. Сутычкі цяпер не спыняюцца. І Ўкраіна». А Беларусь, на яе думку, застаецца «нармальнай сярэдняй краінай у цэнтры Эўропы, зь якой можна працаваць і мець добрыя партнэрскія адносіны».

Эйсмант запэўніла, што краіна цікавая сёньня Кітаю, Расеі і Амэрыцы: «Яны хочуць тут працаваць і інвэставаць у Беларусь. <...> Але гэта, вядома, некаму не падабаецца. Мы знаходзімся ў гэтай вялікай геапалітычнай варонцы».

Натальля Эйсмант
Натальля Эйсмант

Прэс-сакратарка прэзыдэнта закранула таксама тэму каранавірусу. У тым ліку з прычыны пандэміі рэйтынг прэзыдэнта ўпаў, прызналася Эйсмант. «Калі вы думаеце, што ўсе рашэньні тады прымаліся неяк лёгка, то вы глыбока памыляецеся. У нашай краіне так выбудаваная сыстэма ўлады, што фактычна за ўсё нясе адказнасьць адзін чалавек, і хто гэта, мы разумеем. І ўзяць на сябе адказнасьць, занядбаць інтарэсы і тым больш здароўе людзей ніхто ніколі ў жыцьці не адважыўся б», — адзначыла Эйсмант.

Яна дадала, што тыя «непапулярныя меры», якія распачалі ў Беларусі, шмат каго не пакінулі абыякавымі. «Калі б „бацька“ сказаў увесьці камэнданцкую гадзіну і зачыніць кватэры, вы ж ведаеце, мыш не прапаўзла б. Але пакуль можна было не замыкаць кватэры і не забіваць імунітэт людзей, ахвяруючы ў вашых вачах уласнай рэпутацыяй, прэзыдэнт прымаў такія рашэньні».

Эйсмант адзначыла, што ўплывалі на рэйтынг прэзыдэнта і «інфармацыйныя патокі» — «пісалі ў інтэрнэце, каб разгайдаць сытуацыю». Яна ўзгадала сюжэт журналіста расейскага Першага каналу пра памерлых ад каранавірусу ў Стоўпцах, за які яго дэпартавалі. Паводле словаў прэс-сакратара Лукашэнкі, журналіст «абрываў тэлефоны ўсім», прасіў, каб у Беларусі пакінулі яго сям’ю. «Гэта і ёсьць сутнасьць інфармацыйнай працы сёньня, калі ў інтэрнэце ты сьмелы, а потым — у кусты. Поўная сваволя!» — лічыць яна.

У заключэньне Натальля Эйсмант сказала, што нікога не настройвае «за» ці «супраць», «пытаньне ў тым, каб мы навучыліся ня даць сябе падмануць». Паводле яе слоў, сцэнары будуць розныя, але магчыма такое, што Лукашэнку хочуць «пахіснуць», «зрабіць гнуткім», а «можа, больш сур’ёзныя дзеяньні распачаць».

«Пытаньне ў тым, што з намі будзе далей. Перамены будуць і павінны быць. Усе крытыкуюць дыктатуру, якая пабудавала краіну, дзе брат на брата не ідзе, пакуль Лукашэнка тут. І гэта дзякуючы дыктатару, якога так называюць, да якога многія па параду едуць. Я бывала на гэтых сустрэчах. Дык вось за гэтыя 25 гадоў слова „стабільнасьць“ замянілі на „застой“, а яна патрэбная была, каб пасьля распаду СССР выстаяць і ня трапіць пад нечы ўплыў», — сказала Эйсмант.

«Ён нашу краіну 26 гадоў, як малое дзіця, цягнуў»

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Юры Кулажанка сустрэўся з жыхарамі Гомля як давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі. Ён расказаў, як зьмянілася краіна за 26 гадоў, хто хоча зладзіць у нас «майданчык» і як трэба зарабляць грошы «на дзьвюх ці трох працах».

На сустрэчу ў школе № 72 Гомля сабраліся ў асноўным настаўнікі. Рэктара ВНУ слухалі ўважліва. У залі было ціха. Пытаньняў практычна не задавалі. Тых, хто задавалі, асабліва вострыя, — «глушылі» прысутныя ў залі. «Не ўступайце ў палеміку! Мы ня вас прыйшлі слухаць», — абсякалі тых, хто «з вуліцы».

«Я скажу, што перад выбарамі ў нас кіраўніцтва Расеі ня хоча ніякай зьмены ўлады ў Беларусі. Іх усё задавальняе. Спакойная Беларусь, свая дзяржава. Але, на жаль, ёсьць людзі, якіх мы назавем умоўна алігархі, ня ўсе, там ідзе валтузьня своеасаблівая. Ну хто такія алігархі? Яны такія ж, як і мы, ядуць столькі ж прадуктаў — больш жа не зьядуць. Ну, можа, лобстэраў штодзень, але раней ці пазьней захочацца кашы ці сала. Людзі нармальныя...

Але ў іх ёсьць імкненьне зарабіць больш грошай. І таму яны глядзяць на нашу Беларусь такім чынам: „А што б яшчэ прыватызаваць“. Бо ў Беларусі захавалі вытворчасьці. Дзякуй Богу, у нас шмат вытворчасьцяў, якія даюць добры прыбытак».

Юры Кулажанка
Юры Кулажанка

Пра каранавірус і рэўнасьць Расеі Кулажанка сказаў наступнае:

«У іх (расейцаў. — РС) ёсьць рэўнасьць да нас з гэтай пандэміяй. Бо аказалася, што беларусы разумнейшыя былі, што не зачынялі людзей, парад правялі, які ўвойдзе ў гісторыю. Усе баяліся — а беларусы правялі. А простыя людзі, расейцы, кажуць: „Чаму беларусы разумнейшыя?“. І каму задаюць пытаньні? — Вышэйшым. І вось гэта яшчэ рэўнасьць. Некаму хочацца нам „па ягадзіцах настукаць“, не, не зрынаць уладу. Яны таксама баяцца, што прыйдуць да нас розныя».

Нарэшце, пра выбары Юры Кулажанка разважаў так:

«Я за паступовае разьвіцьцё. Ну, у мяне пытаюцца... Прыгожыя дзяўчаты там... Я кажу, што я за паступовае разьвіцьцё. Я матэматык, доктар навук і ўмею аналізаваць. У мяне ёсьць вера. Каму верыць? Людзям, якія выпадкова прыйшлі, ці таму чалавеку, які 26 гадоў нашу краіну, як малое дзіця, на руках цягнуў ці на сьпіне? Разумееце, у яго няма нічога, як ён казаў, што ў труне кішэняў няма, ён перажывае за краіну і ён не падмане. Каб Аляксандар Рыгоравіч прывёў пераемніка і сказаў, што ён яго падрыхтаваў, — я б прагаласаваў за яго. Як Пуціна прывёў Ельцын. Хай празь пяць гадоў, як атрымаецца...», — завяршыў прамову рэктар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG