Учора ў Гомлі прайшоў шэраг затрыманьняў давераных асобаў і прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай.
Міліцыя і АМАП шукалі давераную асобу кандыдаткі Тацьцяну Канеўскую, якая была адной з заснавальніц руху «Маці 328».
Вечарам 6 жніўня ў хату Канеўскіх уварвалася міліцыя і АМАП.
«Прайшло два ператрусы. У першым удзельнічалі 18 чалавек, — расказаў Свабодзе Аляксандар Канеўскі, сын Тацьцяны. — Яны не патлумачылі прычын візыту, спыталіся толькі, дзе мая маці. Я ня ведаў, дзе яна. Яны перавярнулі ўсю хату, гарышча, падвал, прыбудовы. На якой падставе, не адказвалі. Сказалі, што «нам паступіў сыгнал, што тут робіцца злачынства». Потым нехта зь іх крыкнуў: «Шукайце труп!» — і ўсе зноў кінуліся «шукаць труп».
Паралельна ператрусы прайшлі ў старэйшага сына Тацьцяны, які жыве асобна, і ў яе сяброўкі.
«Прыбеглі яны зноў — міліцыя з АМАПам, а 6-й раніцы сёньня. Зноў „нешта шукалі“. На не дазвалялі карыстацца тэлефонамі, патрабавалі пісаць тлумачальную, дзе мая маці. Я ня ведаю, дзе яна, і дзякуй Богу, што ня ведаю», — дадаў Аляксандар.
Учора ў Гомлі затрымалі давераную асобу Ціханоўскай Юрыя Ўласава і яе прыхільнікаў Дзьмітрыя Івашкова, Аляксандра Шабаліна, Андрэя Хільчыка.
Івашкову пры затрыманьні парвалі вопратку, пашкодзілі нагу, руку і твар. Яго вазілі ў шпіталь і накладалі швы. Потым завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Андрэй Хільчык ранкам выйшаў з дому, і на яго напаў АМАП. Пазьней яго асудзілі на 15 сутак за «непадпарадкаваньне міліцыі».
У Юрыя Ўласава праходзіў ператрус нібыта ў крымінальнай справе. Міліцыя патлумачыла, што ў лістападзе 2019 году ён публічна абражаў міліцыянтаў. Цяпер Уласаў у ІЧУ.
Сёньня 15 сутак атрымаў на судзе затрыманы назіральнік Уладзімер Няпомняшчых — таксама нібыта за «непадпарадкаваньне міліцыі».
Лёс астатніх затрыманых пакуль невядомы.
Таксама міліцыя пачала затрымліваць тых, хто раней удзельнічаў у «ланцугах салідарнасьці». Трапілі ў ІЧУ Аляксандр Ламешка і Віталь Кулеш.
5 сутак арышту атрымаў жыхар Гомля Кірыл. Ягоная маці прасіла не называць прозьвішча.
«Ён ніколі ні ў чым не ўдзельнічаў, ніякай палітыкі, ніякіх акцый. Учора пад домам яго пільнавала міліцыя. Адзіная можа быць прычына — ён раней быў футбольным фанатам. Але па палітыцы ён дакладна нідзе не ўдзельнічаў», — патлумачыла маці. Кірыла судзілі за «дробнае хуліганства».