Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў абноўленую статыстыку прысудаў з пачатку выбарчай кампаніі, якія называе палітычна матываванымі. Па стане на 6 жніўня 223 чалавекі атрымалі адміністрацыйныя арышты, 379 — штрафы.
Ад пачатку выбарчай кампаніі ў траўні і да 6 жніўня, піша «Вясна», паводле адміністрацыйных артыкулаў, якія выкарыстоўваюць «у мэтах палітычнага перасьледу»:
- сумарна 3138 дзён арышту прысудзілі 223 людзям;
- сумарна 287 тысяч рублёў штрафаў прысудзілі 379 людзям;
- зафіксавалі сама меней 1362 выпадкі адвольных затрыманьняў.
Найчасьцейшыя прысуды — паводле артыкулу 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за «несанкцыянаванае мерапрыемства» і 23.4 КаАП за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню».
Акрамя таго, праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 25 чалавек.
Праваабаронцы «Вясны» і Беларускага Хэльсынскага камітэту неаднаразова заяўлялі, што выбарчая кампанія ідзе «на фоне няспынных рэпрэсіяў».