Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе Плошча-2020


Ці магчыма, што будзе афіцыйна абвешчаны нейкі іншы вынік, акрамя аглушальнай перамогі Лукашэнкі? Ці існуе плян дзеяньняў пасьля завяршэньня галасаваньня? Як можа спрацаваць плятформа «Голас»? Абмяркоўваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і палітоляг Андрэй Елісееў.

Сьцісла

Быкоўскі

  • 9 жніўня мы атрымаем два прынцыпова розныя пакеты інфармацыі пра выбары: адзін — з ЦВК, якая абяцае падвесьці вынікі 10 жніўня раніцай, другі — ад розных камандаў назіральнікаў.
  • Паводле маіх адчуваньняў, гэтыя людзі ня вельмі схільныя да вулічных пратэстаў. Яны схільныя пісаць пэтыцыі, весьці бюракратычную барацьбу.
  • На нелегальныя, на недазволеныя акцыі звычайна людзей выходзіць менш, чым на дазволеныя.
  • Калі няма паведамленьня пра вынікі выбараў, то няма супраць чаго пратэставаць, нельга казаць, што ў нас скралі перамогу.

Елісееў

  • Нават два дні датэрміновага галасаваньня яўна сьведчаць пра тое, што ранейшая выбарчая сыстэма працуе напоўніцу.
  • Магчыма, на гэтых выбарах прымуць рашэньне намаляваць Ціханоўскай лічбу вышэйшую, чым звычайна малявалі; вышэйшую, чым тая, якую намалявалі б, калі гэтай плятформы не было.
  • Толькі маштабныя і пры гэтым мірныя акцыі могуць паўплываць на перамены.
  • Я б не ўжываў слова Майдан, які пасьля 2014 году часта асацыюецца зь нейкім бунтам. Людзі ў Беларусі не бунтуюць, яны мірна патрабуюць сумленных выбараў.

Які вынік выбараў будзе абвешчаны пасьля іх завяршэньня?

Елісееў: Нават два дні датэрміновага галасаваньня яўна сьведчаць пра тое, што ранейшая выбарчая сыстэма працуе напоўніцу. Я не чакаю ніякіх іншых вынікаў, акрамя высокіх намаляваных лічбаў за Лукашэнку. Назіральнікі сьведчаць, што лічба яўкі на датэрміновых выбарах значна завышаная. Толькі за кошт датэрміновага галасаваньня Лукашэнка будзе мець некалькі мільёнаў галасоў.

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Быкоўскі: Зараз ёсьць відавочны грамадзкі ўздым і ахвота пачуць альтэрнатыўных кандыдатаў. Але гэта ня значыць, што ўсё грамадзтва прачнулася і не пайшло на датэрміновае галасаваньне. 9 жніўня мы атрымаем два прынцыпова розныя пакеты інфармацыі пра выбары: адзін — з ЦВК, якая абяцае падвесьці вынікі 10 жніўня раніцай, другі — ад розных камандаў назіральнікаў: і «Честные люди», і «Права выбару», і «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», і нават назіральнікі СНД. Розным дадзеным розныя людзі будуць даваць веры.

Якую ролю можа адыграць плятформа «Голас»?

Дракахруст: На 6 жніўня на плятформе «Голас» зарэгістравалася 12% усіх выбарнікаў. Дапусьцім, што да 9 жніўня зарэгіструецца агулам нават 20%. Калі ўсе яны дашлюць свае бюлетэні і сканы пашпартоў, і ўсе яны будуць за Сьвятлану Ціханоўскую, то з гэтага будзе вынікаць, што за яе прагаласавала прынамсі 20% выбарнікаў. А як даказаць, што за яе прагаласавала больш за палову выбарнікаў, якія прыйшлі да выбарчых участкаў?

Елісееў: Гэта віртуальны інструмэнт, і ён можа забясьпечыць віртуальную перамогу, ня больш за тое. Калі там зарэгіструецца пад мільён чалавек — гэта шмат, але гэтага недастаткова, каб пераканаўча давесьці нечую перамогу. Магчыма, на гэтых выбарах прымуць рашэньне намаляваць Ціханоўскай лічбу вышэйшую, чым звычайна малявалі, вышэйшую, чым тая, якую намалявалі б, калі б гэтай плятформы не было. А калі б там нават зарэгістравалася 5 мільёнаў выбарнікаў, улады заявілі б, што гэта тэхнічная маніпуляцыя і накрутка. Гэта віртуальны інструмэнт дэлегітымізацыі, але ня варта думаць, што ўлады прымуць дадзеныя «Голасу» пад увагу.

Які плян мае штаб Ціханоўскай?

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Ёсьць сур’ёзная праблема. Калі плян агучыць зараз, то здымаюць Ціханоўскую з выбараў, арыштоўваюць людзей. Калі плян не агучваецца, то, можа, яго і няма. І мы трапляем у сытуацыю 2010 году, калі было шмат кандыдатаў, яны казалі — давайце зьбірацца на Плошчу, у нас ёсьць плян, толькі мы яго нікому ня скажам. Цяпер нічога не зьмянілася. Па маіх адчуваньнях, гэтыя людзі ня вельмі схільныя да вулічных пратэстаў. Яны схільныя пісаць пэтыцыі, весьці бюракратычную барацьбу. Гэта калі браць штабы Бабарыкі і Цапкалы. Выкарыстоўваць легальныя інструмэнты. Але сама сытуацыя іх падштурхоўвае. І, хутчэй за ўсё, яны будуць рэагаваць на прапановы выказаць свой пратэст на вуліцы. Штабы маюць адны схільнасьці, але там могуць прысутнічаць іншыя людзі, для якіх пратэст самакаштоўны. Але могуць быць і трэція, якіх могуць выкарыстаць для правакацыяў, як гэта было, калі білі шыбы ў Доме ўраду.

Колькі людзей выйдзе?

Елісееў: Добра, што ўва ўдзельнікаў пікетаў Ціханоўскай мірны настрой. У беларускіх уладаў надзвычайны сілавы рэсурс. І гвалтоўныя дзеяньні — гэта абсалютна тупіковы шлях. Толькі маштабныя і пры гэтым мірныя акцыі могуць паўплываць на перамены. Паўлюк мае рацыю — могуць быць правакацыі. Укіды наконт гэтага былі і ад беларускіх уладаў, і з расейскіх крыніцаў — пра нейкія групы баевікоў. Важным фактарам таксама будзе, ці адключаць улады інтэрнэт. Я гатовы дапусьціць, што 9–10-га на вуліцы могуць выйсьці сотні тысяч.

І гэта можа адбывацца ў мностве гарадоў. Я мяркую, што ня трэба фіксавацца на 9 жніўня. Калі выйдзе нават мільён, я ня ўпэўнены, што гэта прывядзе адразу да зьменаў.

Быкоўскі: Колькасьць залежыць ад падставы. Калі будзе нагода казаць, што ў нас скралі перамогу — гэта адно. Калі будзе падстава казаць, што выбары былі несправядлівыя і мы выказваем пратэст, — гэта зусім іншы падыход. Калі падставай будзе тое, што нашых бʼюць і мы на гэта рэагуем, — гэта трэці падыход.

На нелегальныя, на недазволеныя акцыі звычайна людзей выходзіць менш, чым на дазволеныя. Але зараз у грамадзтве шмат што гойдаецца. Думка, што рэжым збанкрутаваў, стала распаўсюджанай у колах, якія лічылі, што можна не займацца палітыкай і ўсё неяк наладзіцца. Зь іншага боку, рэжым дэманструе сілу. Таму дакладнага прагнозу колькасьці быць ня можа. Калі ўлады зробяць памылку — людзі могуць выйсьці. Калі ўлады разумна запужаюць — людзі могуць ня выйсьці.

Абвяшчэньне вынікаў выбараў 10 жніўня — перавагі і хібы

Быкоўскі: Калі няма паведамленьня пра вынікі выбараў, то няма супраць чаго пратэставаць, нельга казаць, што ў нас скралі перамогу. Зараз атрымліваецца, што трэба будзе чакаць раніцы 10 жніўня. І традыцыйныя акцыі губляюць той сэнс, які мог бы быць вельмі вострым. Мне падаецца, што ўлады разумна адклалі абвяшчэньне.

Дракахруст: Калі ў Кіеве на Майдане ў 2013 годзе зьбілі студэнтаў, на наступны дзень на Майдан выйшла паўмільёна. Калі ў Менску ў сьнежні 2010 году разагналі шматтысячную Плошчу, на наступны дзень на яе выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Які цяпер настрой беларусаў?

Елісееў: Я б не ўжываў слова «Майдан», якое пасьля 2014 году часта асацыюецца зь нейкім бунтам. Людзі ў Беларусі не бунтуюць, яны мірна патрабуюць сумленных выбараў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG