Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася новая вэрсія «Наўздагон» — песьні Анжалікі Агурбаш пра «Пагоню». АЎДЫЁ


Герб «Пагоня» здымаюць з фасаду будынку Вярхоўнага Савету, 23 траўня 1995 году, ілюстрацыйнае фота

У пачатку 1990-х беларуская поп-сьпявачка Анжаліка Агурбаш — тады яшчэ Ялінская — сьпявала песьню «Наўздагон» на тэкст Леаніда Пранчака і Васіля Раінчыка. 5 жніўня 2020 году ў інтэрнэце зьявілася абноўленая вэрсія песьні.

Песьню апублікавалі не на афіцыйных каналах сьпявачкі, яна ня згадваецца на ейных старонках у сацсетках. Голас на запісе падобны да голасу Агурбаш, аранжыроўка адрозьніваецца ад ранейшых. Зьвязацца з Анжалікай Агурбаш не ўдаецца.

Тры дні таму «Наша ніва» зьвярнула ўвагу на адну з «гісторыяў» (stories) у Instagram сьпявачкі: яна паказвала пальцамі знак «вікторыя», мужчына за ёй паказваў кулак, побач было намаляванае сэрцайка. Гэта нагадвае знак аб’яднанага штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Яе падтрымалі штабы не зарэгістраваных кандыдатамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, прадстаўніцы штабоў на фота зь Ціханоўскай часта паказваюць такія знакі: Марыя Калесьнікава са штабу Бабарыкі — сэрцайка, Ціханоўская — кулак, Вераніка Цапкала — «вікторыю».

Яшчэ 3 ліпеня Агурбаш віншавала з афіцыйным Днём Незалежнасьці на дзяржаўным сьвяткаваньні. Яна і раней нярэдка выступала на канцэртах, арганізаваных беларускімі ўладамі.

У 2019 годзе Агурбаш заяўляла, што нібыта яшчэ ў 2005 годзе арганізатары «Эўравізіі» прапанавалі ёй палітычнае прыстанішча ў Эўразьвязе, калі яна крытычна выкажацца пра кіраўніцтва Беларусі, а яна адмовілася (выканаўчы прадусар конкурсу ў тым годзе казаў, такога быць не магло). У 2014 годзе выступала на маскоўскай вулічнай акцыі ў падтрымку Ўладзіміра Пуціна ў майцы «Не смешите мои „Искандеры“».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG