Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іржавая дзяржава». Лявон Вольскі напісаў песьню пра апошнія падзеі ў Беларусі. ВІДЭА


Лявон Вольскі на канцэрце «Крамбамбулі», архіўнае фота

Беларускі сьпявак Лявон Вольскі 31 ліпеня выдаў на Youtube-канале «Годна» песьню «Іржавая дзяржава». Гэта яго рэакцыя на апошнія падзеі ў Беларусі.

«Шмат людзей апошнім часам прасілі мяне выказацца з нагоды падзеяў, што адбываюцца вакол нас, і я вырашыў выказацца такім чынам, — піша Вольскі ў апісаньні відэа.— А рэалізаваць выказваньне мне дапамагалі мае адданыя сябры і паплечнікі».

Словы і музыку да песьні напісаў сам Вольскі, зь ім гралі басіст Міхал Марынічаў і бубнач Павал Мамонаў, рэжысэрам відэа выстуіў Валеры Кандрацьеў, прадусарка праекту — жонка сьпевака Яна Вольская.

Праз эпідэмію каранавірусу Вольскі, як і большасьць беларускіх музыкаў, не даваў канцэртаў працяглы час, але зладзіў «сусьветны тур» праз інтэрнэт-трансьляцыі. 27 чэрвеня ён даў акустычны канцэрт у двары менскага Lidbeer bar, дзе гледачоў рассадзілі на бясьпечнай дыстанцыі.

Гэтым летам Вольскі выдаў альбом «Амэрыка», натхнёны «амэрыканскай музыкай 60-х і вэстэрнамі». Таксама ён запісаў з «дыстанцыйным хорам» і дуэтам з опэрнай сьпявачкай Маргарытай Ляўчук песьню «Паветраны шар».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG