Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новыя песьні пратэсту ня пішуцца». Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі пра свае настроі і надзеі


Маладыя акторы, музыкі, рэжысэры, літаратары запісалі відэазварот з патрабаваньнем сумленных выбараў і вызваленьня беларускіх палітвязьняў #Культпратэст. А што робяць сталыя рок-зоркі Ігар Варашкевіч, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч?

Лявон Вольскі: «Настолькі адкрыта пляваць людзям у вочы — так нельга»

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Лявон Вольскі сьцьвярджае, што працягвае змагацца, на ягонай старонцы ў фэйсбуку ёсьць усе рэакцыі на апошнія падзеі.

«Мая пазыцыя не мяняецца. У нас Чэ Гевара і пэрманэнтная рэвалюцыя увесь час. Мы на пярэднім краі, мы змагаемся. Так што сачыце за навінамі на маёй старонцы ў фэйсбуку — як мы рэагуем на выклікі, якія існуюць. Мы не маўчым, мы не «зашываемся» і не хаваемся.

Літаральна ў аўторак увечары зьявілася новая частка «Саўкі ды Грышкі» — пра нерэгістрацыю самых папулярных прэтэндэнтаў. Называецца «Ах, якая харошая Мадам Ярмошына!»

Было і пра брудную ваду ў Менску: «Калі ваду пап’еш з-пад крану, казлом ты будзеш. Ці баранам», — расказвае Лявон Волскі.

Што да канцэртаў, імпрэзаў, яны часам праводзяцца. 27 чэрвеня быў акустычны канцэрт у двары бара Lidbeer bar. З захаваньнем дыстанцыі і ўсіх эпідэміялягічных нормаў.

«Пастаянна запрашаюць нас на канцэрты і фэстывалі. Але, я лічу, у нас вельмі складаная эпідэміялягічная сытуацыя ў краіне. Атрымліваецца, што калі пагаджаесься граць канцэрты, ты падтрымліваеш тэзу, што ніякага каранавірусу няма і што ўсё ўжо пераможана. Але гэта далёка ня так. Ёсьць некалькі прапаноў арганізаваць канцэрты. Але пакуль не пагаджаемся, бо атрымліваецца неяк крывадушна: мы ж не падтрымліваем гэтай палітыкі, у тым ліку і наконт каранавірусу. Неяк нелягічна атрымліваецца».

Нядаўна сацыяльныя сеткі «ўзварвала» сумеснае выкананьне «Паветрага шара» Лявонам Вольскім і «опэрнай дзівай» Маргарытай Ляўчук.

«Запісваліся мы паасобку, бо гэта ж было ва ўмовах пандэміі. Ідэя належыць Сяржука Доўгашаву — зрабіць „Паветраны шар“ з шэрагам выканаўцаў. Задумка была такая: я пачынаю, а потым далучаецца, да прыкладу, Маргарыта Ляўчук. Атрымалася, на мой погляд, цікавае выкананьне.

Раней у мяне быў досьвед выкананьня песьні „Абсэнт“ з аркестрам Вялікага тэатру опэры і балета. Калі шчыра, мне ня вельмі спадабалася. Але для досьведу — нічога, карысна. Я вельмі люблю правакаваць. Спадзяюся, што будзем працягваць», — выказвае надзею на новыя нечаканыя праекты Лявон Вольскі. Што да ўчорашніх падзей, калі ЦВК адмовіўся рэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, гэта ня стала для Лявона Вольскага нечаканасьцю.

«Але каб настолькі нахабна і цынічна... Неверагодна! Я думаю, што гэта ўладам адгукнецца. Настолькі адкрыта пляваць людзям у вочы — так нельга. Гэта нагадвае Францыю, калі вядомыя пэрсанажы казалі: „У народа няма хлеба — няхай ядуць пірожныя“. Дарэчы, пасьля гэтага пачаліся незваротныя працэсы. І ўсе тыя людзі, што раілі есьці пірожныя, ня вельмі добра скончылі», — разважае Лявон Вольскі.

Ігар Варашкевіч: «Усё будзе залежыць ад звычайных рабочых, сярэдняй клясы — як яны будуць паводзіць сябе пасьля 9 жніўня»

Ігар Варашкевіч
Ігар Варашкевіч

Ігар Варашкевіч таксама сьцьвярджае, што ён не маўчыць. Праз адсутнасьць канцэртаў і немагчымасьці кантактаваньня са сваімі прыхільнікамі ўжывую перайшоў на віртуальныя зносіны.

«Я зрабіў свой відэазварот у фэйсбуку ў гумарыстычнай афарбоўцы. Там ёсьць прыпавесьць пра двух чабаноў, бараноў і авечак.

Што тычыцца музыкі, у нас ёсьць песьня, якую мы прэзэнтавалі як „Паліцэйскі рок-н-рол“. А першапачаткова яна называлася „Аўтазак“. Я перасьпяваў тэкст „Аўтазака“, мы зрабілі нарэзку відэа з вулічных затрыманьняў, але атрымалася неяк так недынамічна. Мы проста ўбачылі, што ніякага водгуку, эфэкту ня будзе. Тым больш што гэтыя кадры ўжо выкарыстаныя ў іншых песьнях», — крыху расчараваны вынікам Ігар Вайцюшкевіч.

Што да апошніх падзей, ён трымае руку на пульсе. Выбарамі цікавіцца, і пакуль настрой мае аптымістычны. Бо гэтая выбарчая кампанія істотна адрозьніваецца ад іншых.

«Цяпер сытуацыя іншая, чым у 2010 годзе, калі была магчымасьць перамагчы на плошчы. Але рэакцыя ўладаў была жорсткая. Цяпер выбарамі зацікавіліся звычайныя людзі, якім проста няма за што жыць. Вырасла моладзь, якая хоча годнага жыцьця — тут і цяпер. А не глядзець па тэлевізіі расповеды, якая ў нас цудоўная краіна, а вакол паўсюль ворагі і вайна», — кажа Ігар Варашкевіч.

На яго думку, зьявіліся годныя і моцныя кандыдаты. Ігар лічыць, першую хвалю ўзьняў Сяргей Ціханоўскі. Але Варашкевічу больш цікавы Віктар Бабарыка.

«Гэта абсалютна нармалёвы, добры, годны, цікавы чалавек, — кажа пра Ціханоўскага Варашкевіч, — І нягледзячы на тое, што ён за кратамі, засталася яго адданая жонка Сьвятлана Ціханоўская.

Цяпер усё будзе залежаць ад простых звычайных людзей — рабочых, сярэдняй клясы: як яны будуць паводзіць сябе пасьля 9 жніўня. Усё залежыць ад таго, колькі людзей выйдзе на вуліцы. А яны выйдуць.

Я ня ведаю, што будзе далей — я ж не прарок і не паліттэхноляг. Але людзі прачнуліся і зразумелі, што гэта не жыцьцё, якія б казкі ім не апавядалі. Я перакананы, што час зьмяніўся і тое, што ў Лукашэнкі атрымлівалася 26 гадоў, кажучы жаргонам, больш „не прахіляе“.

Я па сутнасьці сваёй пацыфіст, не люблю зброі, гвалту. Цяпер людзі мірна выходзяць на вуліцы, стаяць, маўчаць, пляскаюць у далоні, а гэта злуе Лукашэнку яшчэ больш. Таму ў яго такая неадэкватная рэакцыя на мірныя пратэсты. Мая галоўная зброя — гэта гумар. Усім раю карыстацца гумарам. Дыктатары баяцца гумару, бо яны яго не разумеюць».

Зьміцер Вайцюшкевіч: «Выходзіць на плошчу я ня бачу сэнсу. Лепш буду пісаць новыя добрыя песьні»

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч жыве на хутары Вайцюшкі, што на беразе Нёмана каля яго роднай Бярозаўкі. Працуе над новым дзіцячым праектам. А вось новыя песьні пратэсту ня пішуцца, прызнаецца музыка.

«Шчыра кажучы, за апошнія 26 гадоў я так стаміўся, калі быў на пярэднім краі культурнага супраціву! Я 26 гадоў меў рэвалюцыйны настрой, мае песьні засталіся. А цяпер ня пішацца, бо ў краіне няма правілаў, адбываецца сваволя.

Але ж я не маўчу. Тое-сёе, што мог, выставіў у інтэрнэце. А крычаць я ня бачу сэнсу. Безумоўна, я ў роспачы, як і шмат хто зь беларусаў. Чым мы адрозьніваемся ад іншых людзей? Нічым. Але мне гаварыць асабліва няма чаго», — з сумам у голасе прамаўляе Зьміцер. За падзеямі ў краіне ён сочыць.

«Салідарнасьць з палітвязьнямі я, як магу, паказваю. А выходзіць на цэнтар плошчы я праўда ня бачу сэнсу. Лепш буду пісаць новыя добрыя песьні.

Як некалі казаў Рыгор Іванавіч Барадулін пра нашага ўсенародна абранага: „А што мне ён, гэты „баяніст“? Я пра яго не ўспамінаю з 2004 году! І вершы добра пішуцца“. Вось і я стараюся ня ўзгадваць, як параіў дзядзька Рыгор. Не гляджу тэлевізар — у мяне даўно няма», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Працуе музыка над вялікім дзіцячым праектам на вершы Аляксея Пысіна.

«Мяне гэта цалкам захапляе, мне гэта значна цікавей, чым усё тое, што сёньня адбываецца. Гэты праект дае натхненьне, і я гэтаму рады. Плюс беларуская прырода — я тут цэлымі днямі на сьвежым паветры, хутар Вайцюшкі дае мне энэргію, моц, падсілкоўвае.

Да мяне прыяжджаюць сюды музыкі з опэрнага тэатру, клясычныя выканаўцы. Мы тут на Нёмане запісваемся. Будзе гучаць і сымфанічны аркестар, і духавы аркестар, і хор, ідзе сур’ёзная творчая праца з жывымі выканаўцамі. Пакуль няма што яшчэ паказваць, але мы працуем.

А так — я ня бачу для сябе сэнсу рабіць тое, што мяне дабівае», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG