Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ёсьць свабодны». Гімны лета-2020 ад Nizkiz, Superbullz, Naviband i Lear


Ілюстрацыйнае фота

Музыкі актыўна выказваюцца наконт падзеяў у краіне. Сабралі для вас трэкі, якія можна назваць гімнамі лета-2020.

Nizkiz «Правілы»

Адным зь першых адгукнуўся магілёўскі гурт зь песьняй пра выхад з зоны камфорту.

«Песьня пра тое, што як бы ўтульненька і камфортна не было ў сваім умоўным „карантыне“, трэба знайсьці сілы выйсьці з зоны камфорту і зрабіць крок у бок нечага новага», — кажа вакаліст гурта Аляксандар Ільін.

Песьня, вельмі спакойная на пачатку, выбухае ў канцы.

«Мы выйшлі на вуліцу, і кожны з нас ня ведаў, куды ісьці. Напэўна, праз гадзіну згубіліся б, але ж хтосьці ўздыме сьцяг».

Пасьля выхаду ў сацыяльных сетках яе адразу ж назвалі «гімнам гэтага лета».

«У нас была ідэя зрабіць максымальна жывое і „сырое“ гучаньне, — адзначае гітарыст Леанід Несцярук. — Як быццам чалавек сядзіць з намі на рэпэтыцыйным пункце. Мінімум прадакшану і студыйных фішак. Мы вырашылі не вылізваць партыі, пакінуць шмат якія заганы выкананьня — дзе-нідзе няроўная рытміка, выпадковыя лішнія ноты... Усё максымальна сумленна».

NAVIBAND «Іншымі»

Артысты напісалі ў сваім Instagram пра тое, што іх натхніла:

«Тыя, хто з намі, ведаюць, што мы заўсёды абміналі тэму палітыкі, як бы ў яе нас не спрабавалі акунуць. Мы любім нашу краіну, сьпяваем на роднай мове і шчыра верым у сьвятло, сілу і дабрыню нашых людзей, незалежна ад іх поглядаў!

А яшчэ ў нас ёсьць сын, якому крыху больш за два гады і які ведае практычна ўвесь транспарт у горадзе, якога ён колеру і куды можа ехаць. „Хуткая дапамога ратуе людзей, экскаватар капае яму, кран будуе дом“, але мы абсалютна ня ведаем, як растлумачыць дзіцяці, што робіць „вялікая зялёная машына“, якіх у горадзе становіцца ўсё больш. А сёньня яшчэ і навіна аб затрыманьні людзей, якія проста стаялі ў чарзе ў краму.

Цяпер прынята шмат гаварыць. Мы не зьбіраліся выказвацца, таму што прывыклі ісьці па жыцьці, робячы сваю справу бязь лішніх слоў.

Таму выпусьцілі ў нашым тэлеграм-канале песьню „Іншыя“, у якой кожнае слова адлюстроўвае ўсё, што адбываецца цяпер вакол.

Але ў нас не ўкладваецца ў галаве жорсткасьць і гвалт да звычайных людзей. Нам становіцца страшна. Маўчаць ужо немагчыма! МЫ ПРАЧНЁМСЯ ІНШЫМІ».

The SUPERBULLZ «Камяні»

Гурт прадставіў сынгл «Камяні», саўндпрадусар якога Андрэй Баброўка.

«Гэта мой творчы, чалавечы боль, творчасьць, адказ на працягу 20 апошніх гадоў за тое, якія мы, дзе мы і хто мы. Як быццам раней мы гэтага ня бачылі ці не хацелі, можа, бачыць? Хтосьці з нас. Га?» — кажа ўдзельнік гурту Алесь-Францішак Мышкевіч.

«Не, я ня згодны. Ня згодны з вамі, камяні. Я ёсьць свабодны, і мне ляжаць няма калі. Я не прыгонны — рукамі полымя ўздыму. Мой крок ёсьць сіла. Свабоды Марса дасягну».

«Неўзабаве выйдуць яшчэ 2 трэкі відэасынглу з новага альбому, у вытрыманым стылі. Выхад альбому плянуецца на пачатку восені, ён абавязкова возьме прэмію Грэмі». Алесь пераконвае, што ідэй для творчасьці мае вельмі шмат, і ўвогуле звычайна імпэт і натхненьне атрымліваецца знайсьці ў стрэсавых сытуацыях.

LEAR «Быць мілай мяне стаміла»

Сьпявачка LEAR, яна ж Валерыя Суравіцкая, прэзэнтавала новы трэк «На стомленых крылах»

Ідэя зьявілася дзякуючы конкурсу ад «Годна», расказвае Лера. Паэт Віталь Рыжкоў прапанаваў паўдзельнічаць і даслаў некалькі радкоў тэксту. Калі Лера пачала падбіраць пад іх музыку, выявілася, што даўно напісаны прыпеў ідэальна падыходзіць тэматыкай да будучага твора. Песьню разам зь Віталём і музыкам Уладзем Лепяшынскім напісалі вельмі хутка, літаральна за 15-20 хвілін, кажа Лера.

«Здаецца, усе нашыя эмоцыі наконт таго, што адбываецца ў краіне, сутыкнуліся і ператварыліся ў прыгожы трэк пра тое, што баліць цяпер ва ўсіх. Не хацелася рабіць песьню, якая тэкстам б’е ў лоб. Таму атрымалася вельмі мэтафарычна, і ўспрымаць гэты трэк можна па-рознаму», — тлумачыць выканаўца.

Ад сытуацыі, якая цяпер адбываецца, мэганэгатыўныя эмоцыі, гэта боль і злосьць, але адначасова надзея і натхненьне, кажа яна.

«Песень на падобную тэматыку пакуль не пляную, бо мне складана даюцца такія трэкі, ды і проста не хачу, каб мая творчасьць цалкам патанула ў палітыцы».

За час самаізаляцыі творчасьці стала больш, бо зьявілася больш вольнага часу, прызнаецца сьпявачка. Неўзабаве ў LEAR выйдуць два новыя трэкі, якраз напісаныя падчас карантыну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG