Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клясычныя» альбомы N.R.M. сталі легальна даступныя ў інтэрнэце


Шэсьць альбомаў і адна складанка беларускага рок-гурту N.R.M. сталі легальна даступныя на шэрагу інтэрнэт-плятформаў для праслухоўваньня і пакупкі.

Альбомы можна набыць на Amazon, Apple Music і Google Play, а таксама паслухаць на сэрвісах Spotify, VK, Youtube Music і «Звук».

Паслухаць іх можна было і раней — напрыклад, сам сьпявак Лявон Вольскі выкладваў альбомы N.R.M., «Крамбамбулі» і іншых сваіх праектаў на «паўафіцыйную» старонку на Soundcloud для вольнага праслухоўваньня. Але цяпер альбомы можна легальна купіць або праслухаць праз падпіску на найпапулярнейшых пляцоўках.

Лявон Вольскі і бас-гітарыст Юрась Ляўкоў на канцэрце N.R.M., 2003 год
Лявон Вольскі і бас-гітарыст Юрась Ляўкоў на канцэрце N.R.M., 2003 год

Для пакупкі і праслухоўваньня даступныя альбомы:

  • ŁaŁaŁaŁa (1995);
  • Odzirydzidzina (1996);
  • Pašpart hramadzianina N.R.M. (1998);
  • Try čarapachi (2000);
  • Dom kultury (2002);
  • Spravazdača 1994—2004 (2004);
  • 06 (2007).

У гэтыя альбомы ўваходзяць такія гіты гурту як «Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія», «Партызанская», «Менск і Мінск» ды іншыя.

Пасьля гэтых альбомаў N.R.M. выдаў яшчэ адну плытку «Д.П.Б.Ч.» (2013), а таксама некалькі асобных песень. Але гэты альбом і наступныя песьні былі створаныя ўжо без удзелу Лявона Вольскага: ён разышоўся з гуртом, у N.R.M. на месца вакаліста ўстаў гітарыст Піт Паўлаў (пазьней да гурту далучыўся ягоны сын, гітарыст Ян-Вiнцэнт Луцэвiч). Песьні гэтага складу таксама легальна даступныя на асноўных інтэрнэт-пляцоўках, але гурт ужо падпісаны як Nrm.by. Вольскі ж працягнуў граць з гуртом «Крамбамбуля», а таксама выдаў тры альбомы з сольным праектам Volski.

Вольскі адзначае, што для яго гэта «нагода паглядзець, наколькі гэты стары, калі не сказаць старажытны, матэрыял запатрабаваны ў цяперашняй шырокай публікі». Нядаўна ён перазапісаў некалькі песень N.R.M. з праектам Volski.

Паўлаў жа піша, што «для сучасных гуртоў гэта нармальны і просты крок, але для клясычных запісаў N.R.M. яго цалкам можна назваць гістарычным». Ён згадвае, што калісьці «менавіта ў N.R.M. зьявіўся першы беларускамоўны музычны сайт», а гасьцёўня таго сайту «зрабілася прадвесьнікам сучасных сацсетак» (той сайт цяпер недасяжны, архіўная копія арыгінальнага сайту Nrm.by.com захавалася ў «Вэб-архіве», але на момант публікацыі застаўся дасяжным фан-сайт «НРСМ»).

Дарэчы, у Вольскага канцэрт на Дзень Волі

Лявон Вольскі плянаваў у Менску паўнавартасны электрычны канцэрт зь бясплатным уваходам 25 сакавіка, але перавёў яго ў інтэрнэт-фармат. Цяпер онлайн-канцэрт заплянаваны на 20.00 25 сакавіка, яго можна будзе паглядзець на Youtube-канале Lavon Volski.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG