Лінкі ўнівэрсальнага доступу

N.R.M. прадставіў першы за 5 год кліп і анансаваў канцэрт у Менску. Відэа


Беларускі рок-гурт N.R.M. упершыню з 2012 году прадставіў новы кліп — відэа на песьню «На далоні», што ў 2013 годзе была прадстаўленая ў акустычным варыянце ў альбоме гурту Піта Паўлава «Гарадзкія», а празь 10 гадоў — у электрычнай вэрсіі на альбоме N.R.M. «Д.П.Б.Ч.».

Для кліпа песьня была перазьведзеная і гучыць, як кажа Свабоде лідэр N.R.M. Піт Паўлаў, «больш празрыста». У кліпе — кадры рэальнага скачка Паўлава з парашутам. Рэжысэрам выступіў Ян-Вінцэнт Луцэвіч — сын Паўлава. Ён жа цяпер грае ў N.R.M. у якасьці гітарыста.

Таксама гурт анансаваў канцэрт 20 кастрычніка ў менскай прасторы «Верх» (вул. Куйбышава, 22), дзе абяцае ня толькі граць песьні, але і расказаць пра дэсантнае мінулае Паўлава, жыцьцё прафэсійных парашутыстаў і правілы складаньня парашутаў.

Як распавёў Свабодзе Паўлаў, на канцэрце прагучаць і старыя песьні N.R.M. і, магчыма, дзьве новыя — агулам жа цяпер гурт працуе над пяцьцю новымі песьнямі, якія «нечакана пачалі пісацца» і складуць каля паловы наступнага альбому.

Нядаўна Паўлаў зьбіраў праз інтэрнэт грошы на выданьне асобнага музычнага праекту «Зброя. Золата. Кабеты» пра жыцьцё Беларусі на мяжы СССР і Польшчы ў 1920-х. Ён кажа, што запіс альбому ўжо завершаны, ідзе канчатковае зьвядзеньне — цяпер Паўлаў толькі чакае нагоды, каб выдаць яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG