Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у 1930-я ўсе былі кантрабандыстамі і як цяпер ажывае местачковая культура. Піт Паўлаў — пра «Зброю. Золата. Кабет»


Фрагмэнт паштоўкі да альбому «Зброя. Золата. Кабеты», малюнак Натальлі Грабёнкінай

Праект музыкі гуртоў N.R.M. і «Гарадзкія» Піта Паўлава, рок-эпапэя «Зброя. Золата. Кабеты» пра жыцьцё Беларусі на мяжы СССР і Польшчы ў 1920-х набліжаецца да завяршэньня. На сайце Ulej.by сабралі грошы, запісваюць музычны альбом і рыхтуюцца здымаць кінастужку. На 18 траўня заплянаваная прэзэнтацыя праекту ў менскім клюбе «Бруге».

Піт Паўлаў расказаў Свабодзе пра альбом і жыцьцё беларусаў-кантрабандыстаў амаль сто гадоў таму.

«Народны альбом» напісаў не Пясэцкі

Піт Паўлаў
Піт Паўлаў

«Гэта цалкам самастойны праект, не зьвязаны з „Народным альбомам“. Але наогул ідэя, цікавасьць да гэтага пэрыяду ў гісторыі нашага краю зьявілася менавіта падчас вандровак з „Народным альбомам“.

Першым штуршком быў наш канцэрт у Польшчы, калі да Міхала Анемпадыстава (аўтара ідэі, канцэпцыі і тэкстаў „Народнага альбома“. — РС) падышоў чалавек, які быў упэўнены, што мы начыталіся Сяргея Пясэцкага. Калі высьветлілася, што Міхал пісаў тэксты, ня ведаўшы пра Пясэцкага, гэта выклікала вялікае зьдзіўленьне. А з нашага боку выклікала цікаўнасьць, што гэта за Пясэцкі, які апісаў падобныя рэчы.

Але ўсё ішло дзьвюма паралельнымі сьцежкамі. З аднаго боку, была рэчаіснасьць „Народнага альбома“, якую можна лёгка адшукаць у Ракаве, ня трэба чытаць Пясэцкага. Проста Ракаў і падобныя мястэчкі, якія тады апынуліся на мяжы — там гэтая рэчаіснасьць дагэтуль нейкім чынам існуе ў сьвядомасьці, звычаях насельніцтва, байках і легендах. Зь іншага боку, чыталі ўжо вокам дасьледчыка і таго ж Пясэцкага, і іншых аўтараў, любую літаратуру пра той час, нават судовыя выракі, дакумэнты пра будоўлю мяжы...»

Кантрабандыстамі былі ўсе

«Гэта не кантрабандысты. Гэта зрэз грамадзтва. Проста для стварэньня экшну, для стварэньня напружаньня ўзятае самае цікавае, што было. Гэтыя людзі былі на самым вастрыі. Ды яны ўсе там былі кантрабандыстамі, але для іх гэта была дадатковая опцыя, яны манэтызавалі свае здольнасьці. Шмат хто зь іх пачаў супрацоўнічаць з польскай „dwójką“ (Другі аддзел Галоўнага штабу Войска польскага, выведка. — РС), бо яна тады шукала любую актыўнасьць і выкарыстоўвала нават авантурыстаў. Яны не былі задзейнічаныя як сапраўдныя агенты, а былі гэткай „вольнай дзідай“, дзейнічалі ў сваіх інтарэсах. Да таго ж у іх былі, так бы мовіць, бізнэс-інтарэсы. Самыя „пралічаныя“ зь іх стваралі бізнэсы ў Вільні і Варшаве, прасоўвалі свае інтарэсы, не зьвязаныя з „украл — выпил — в тюрьму“.

Гэтае кола людзей было вялізнае — нехта рыхтаваў для іх тавар, нехта рабіў для іх схроны, забясьпечваў інфраструктуру. Зьявіліся вольныя грошы — зьявіліся артысты, якія гралі для іх музыку, зьявіліся рэстарацыі, бардэлі, кабарэ. Зьявіліся грошы на падтрымку касьцёлаў. Маленькія мястэчкі, практычна вёскі, ператварыліся ў такія цэнтры культуры, усё пачало буяць.

Цікавая была лінія, калі мы езьдзілі па касьцёлах на поўначы Беларусі, знаёміліся зь мясцовым насельніцтвам. Мы апынуліся ў такіх мястэчках „западэнскіх“. Там, асабліва вакол касьцёла, захавалася тая атмасфэра, якую можна пазнаць. Сучасныя людзі ператвараюцца, ізноў зьяўляюцца местачковыя рысы, не гарадзкія. За апошнія 200 гадоў яно мала зьмянялася: вакол касьцёла і ксяндза будуецца такая супольнасьць. Нават будучы ў вёсцы, у нядзелю яны апранаюцца прыгожа, навязваюць гальштук, ідуць у цэнтар мястэчка, робяцца далікатныя, мяняецца іх мова і постаць. Гэта ўсё можна пабачыць, калі цяпер паехаць у Друю, Мёры...»

Альбом пішацца ўжо сем год

Першую песьню, што ўвойдзе ў альбом «Зброя. Золата. Кабеты», Паўлаў прадставіў яшчэ ў 2010-м. Ад таго часу праца над ім ішла зь перапынкамі, ідэя адкладалася, але ад яе не адмаўляліся. На сёньня запісана ўжо вялікая частка, зьнятыя два паўнавартасныя кліпы: на лірычную «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» і на баявік «Схватка». Песьні запісвае не N.R.M., а асобны склад музыкаў: бубнач Аляксандар Валошчык, цымбалістка Алеся Шагун, дудар Яраш Малішэўскі, бас-гітарыст Глеб Галушка і гітарыст Ян-Вінцэнт Луцэвіч — сын Паўлава.

«Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» — гэта самая лірычная песьня гэтага альбома, хіба яшчэ адна такая ёсьць. Некаторыя яшчэ не запісаныя. Цяпер стаіць пытаньне, каб не расчараваць нашых прыхільнікаў (а я вельмі ўдзячны тым, хто нас падтрымаў на краўдфандынгу) і як мага хутчэй выдаць тое, што ўжо ёсьць. Але ёсьць некалькі нумароў, якія яшчэ нават не заносіліся ў студыю. Выхад альбома крышачку адсоўваецца, бо рыхтуемся да канцэрту. У падвешаным стане — ці будзе, ці ня будзе — яшчэ адна акустычная песьня.

Вы калі кажаце гэтую дату, 2010 год, мне сапраўды страшна робіцца. Але сапраўды так і ёсьць. Першая песьня была запісаная вельмі хутка, але за гэты час паўстаў новы альбом N.R.M., было сыграна безьліч канцэртаў, зьявілася вялікая колькасьць пабочных песень і праекцікаў, якія цалкам мяне захаплялі».

Калі няма Джэймса Бонда, даводзіцца здымацца самому

Паралельна з запісам музычнага альбома Піт здымае фільм «Зброя. Золата. Кабеты». Фільм робіцца на аматарскім узроўні, рэжысэрам выступае ягоны сын Ян-Вінцэнт, галоўную ролю выконвае сам Паўлаў. Некаторыя фрагмэнты фільму можна пабачыць у кліпе на песьню «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» — гэтыя фрагмэнты здымаліся для фільму «Кантрабандысты».

«Слова „прафэсіянал“ я амаль не выкарыстоўваю ў станоўчым сэнсе. Звычайна за гэтым словам хаваецца адсутнасьць цікаўнасьці да матэрыялу, нейкая мэханістычнасьць. Адзін з найлепшых рэжысэраў сучаснасьці для мяне — Квэнтын Тарантына. У яго ні пра які прафэсіяналізм гаворкі не ішло: гэта проста чалавек вялікай жарсьці, цалкам захоплены працэсам. Каб ён мог, ён бы выканаў усе ролі за ўсіх.

Натуральна, што ў здымках у нас ёсьць хібы — напрыклад, па гуку, бо няма чалавека, які б за яго адказваў. Тут быў бы патрэбны прафэсіянал, якому можна было б сказаць: „Што ж ты заваліў гук?“. Вядома, хацелася б супрацоўнічаць з прафэсіяналамі. Але тады б майго героя мусіў граць, напрыклад, Дэніэл Крэйг (вядомы па ролі Джэймса Бонда. — РС). А калі няма Крэйга, я мушу граць сам. Я ня бачу, хто б гэта яшчэ мог быць: калі мы пачалі шукаць актораў, я сутыкнуўся з тым, што яны ня тое што ня ўмеюць нічога рабіць, але гэтая дыстанцыя паміж матэрыялам і чалавекам настолькі вялікая, што непераадольная ў нейкі момант. Здаецца, што ў гэтага чалавека ў галаве — „Вось калі б мяне запрасілі ў Галівуд, там бы я найграў“.

Пад гэтым няма ніякай манэтызацыі, гэта робіцца, як некалі рабіўся „Народны альбом“ — проста для сябе. Бо яно настолькі цісьне, што гэтага нельга не зрабіць. Таму я маю справу з маім сынам, які захоплены ідэяй фільму».

Беларус 1920-х — чалавек, у якога не было «сваіх»

«Сцэнар напісаны амаль для поўнага мэтру. Але цяпер такія гісторыі здымаюцца сэрыяльна. Ідэя сэрыялу сэзонаў на 4–5 у мяне ёсьць у галаве. Напрыклад, цікавая гісторыя пра абмен Тарашкевіча на мяжы. Ёсьць такі галівудзкі блокбастэр „Шпіёнскі мост“, а ў нас у Беларусі была такая самая гісторыя — Тарашкевіча абмянялі на Аляхновіча. А той пасьля напісаў кніжку „У капцюрох ГПУ“... А калі ўсё гэта аб’яднаць!

У галаве ў нашых людзей усё гэта не аб’яднанае ў адзіную гісторыю — здаецца, што гэта недзе ня з намі, а ў нас толькі Вялікая Айчынная, Кастрычніцкая рэвалюцыя, вялікія Сталін і Ленін... А рэчаіснасьць была цалкам іншая: „вялікі Сталін“ быў як тарнада, навала, зь якой немагчыма нічога зрабіць, а зь іншага боку быў „вялікі Пілсудзкі“ як сіла, зь якой таксама нічога немагчыма зрабіць. І ніколі не было ўсё так проста, бо тут жылі звычайныя людзі, нават у самыя страшныя часы сталінскага тэрору не было ўсё толькі чорнае і белае.

Кліп „Каханак Вялікай Мядзьведзіцы“ — гэта пачатак фільму, дзе глядач адразу паглыбляецца ў рэаліі таго часу. Ён бачыць, што ёсьць чалавек, беларус, у якога няма сваіх, які апынуўся паміж тымі і тымі.

Гэткая сытуацыя доўжыцца ў нашай краіне апошнія мо трыста гадоў, а то і болей. Калі зьявілася Рэч Паспалітая, ужо тады нашы інтарэсы былі падзеленыя, разрываліся паміж нейкімі іншымі. Тады гэта было ня так востра, але празь некаторы час гэтая „тутэйшасьць“, „ліцьвінскасьць“, „беларускасьць“... Заўсёды за нас вырашалі нейкія іншыя сілы, гэтыя сілы былі заўсёды мацнейшыя за нашы. Гэтыя людзі — ці то палякі, ці то расейцы, ці то Эўропа — ніколі нас да канца не разумелі, заўсёды лічылі, што лепей ведаюць, як нам трэба. А ўсе гэтыя бачаньні недакладныя.

І вось у кліпе бачна, што ў гэтага чалавека няма „сваіх“. Але ў фільме раскрыецца, што „свае“ ёсьць, што „свае“ — гэта людзі з гэтай зямлі, што іх большасьць. Проста інстытуцыі заўсёды ня зь ім».

«Зброю. Золата. Кабеты» слухалі сучасныя кантрабандысты

«Гэты праект не замест N.R.M., а ў дадатак. Мы вырашылі захаваць N.R.M., бо гэта такая істотная частка нашай мэнтальнай прасторы, што мы не маглі проста забіць яго. Запісалі яшчэ адзін альбом, пішам новыя песьні... На ўзроўні таго, што было, гэтая справа доўжыцца. Цяпер заплянаваныя некалькі канцэртаў N.R.M. пасьля прэзэнтацыі „Зброі“ 18 траўня, таксама заплянаваныя выступы з праектам „Зброя. Золата. Кабеты“.

А прэзэнтацыя праекту ўжо пачалася, я зайграў ужо неймаверную колькасьць акустычных канцэртаў з альбомам, можа, лічба да сотні набліжаецца. Была паўнавартасная прэзэнтацыя ў Горадні, мы там цалкам паказалі альбом. Ён там выклікаў вялікую цікаўнасьць у сучасных кантрабандыстаў — не сакрэт, што Горадня і Берасьце цяпер дзьве такія сталіцы, дзе гадуецца ўвесь гэты памежны бізнэс. Прыйшлі людзі, якія хоць раз у жыцьці ды былі кантрабандыстамі. Граць для іх было надзвычай цікава, бо ўжо пасьля першай песьні яны зразумелі, пра што гаворка, а ў канцы іх было не адарваць! І гэта былі дарослыя, ня моладзь.

Вядома, мы плянуем паказаць альбом максымальна шырока. Хоць і наўрад ці ў нас ёсьць варункі, каб зрабіць яго такім жа папулярным, якім стаў N.R.M. Бо калі мы езьдзім, людзі прыходзяць проста на N.R.M. — нашы старыя песьні і новы альбом. А калі прадстаўляю новы праект, гэта досыць складаны мэнтальны крок для слухача: ці нейкі экскурс у гісторыю, ці нейкі баявік. Тыя людзі, якія паглядзелі кліпы, адчуваюць, наколькі розныя песьні, якая вялікая амплітуда. Але тыя, хто сочыць за мной, ужо палюбілі песьні, замаўляюць менавіта іх».

XS
SM
MD
LG