Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выступ яскрава паказаў зварот Лукашэнкі да левай рыторыкі»


Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі аналізуе, якім адрасатам было накіраванае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі, адзначае, што асабліва абурыла дзейнага кіраўніка дзяржавы, і зьвяртае ўвагу на словы пра «няўдзячнае маладое пакаленьне».

Сьцісла

  • Было сказана даволі канкрэтна, што гэты склад Палаты прадстаўнікоў мусіць папрацаваць над новай Канстытуцыяй.
  • Лукашэнку пачынаюць крытыкаваць людзі нават у сфэры шоў-бізнэсу, зьвязанага зь дзяржавай, — гэта Лукашэнку дзівіць і абурае
  • Нямала гаварылася ў той ці іншай форме пра пагрозу Расеі

— Чым быў адметны гэты выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі? Якое агульнае ўражаньне, на вашую думку, ён мог пакінуць у гледачоў? Якімі словамі можна было б яго коратка ахарактарызаваць?

— На мой погляд, было дзьве групы, аўдыторыі, да якіх ён зьвяртаўся. Адна — гэта ягоная група падтрымкі, якая прысутнічала ў залі, падначаленыя, пра якіх ён казаў, што ня дасьць іх пакрыўдзіць. Ён прыгадваў, што яны шмат чаго рабілі разам, як з тым самым Віктарам Шэйманам — «Шэйман і яшчэ пару чалавек, якія зь пісталетамі хадзілі і езьдзілі, зьнішчаючы падонкаў».

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Зь іншага боку — тая аўдыторыя, якая глядзела гэтае пасланьне па тэлевізары. Лукашэнка зьвяртаўся і да маладых людзей, якім тлумачыў, што яны павінны быць удзячныя за тое, што атрымалі ад дзяржавы. Зьвяртаўся да бацькоў, каб тыя не пускалі маладых людзей рабіць памылкі, пайсьці за нейкімі «лялькаводамі».

Акрамя таго, частка пасланьня тычылася носьбітаў іншых каштоўнасьцяў. На мой погляд, гэты выступ яскрава паказаў зварот Лукашэнкі да левай рыторыкі. Ён казаў, што супраць прыватнай уласнасьці на зямлю, зьедліва выказваўся пра прыватызацыю і рэформы такога кшталту, казаў, што дзяржава не павінна быць «начным сторажам», але актыўна ўмешвацца ў эканоміку.

— Наколькі моцна гучала гэтая «антырэфарматарская» тэма? Лукашэнка, сярод іншага, абрынуўся на альтэрнатыўных кандыдатаў, заяўляючы, што яны хочуць увесьці платную мэдыцыну, платную адукацыю — хоць ніякіх такіх пунктаў у праграмаў кандыдатаў няма.

— Гэта, відавочна, рытарычныя прыёмы, якія дэманізуюць пазыцыю апанэнта — і тады зь ёй лягчэй змагацца.

Калі пра эканамічныя, рынкавыя рэформы мы бачым нэгатыўныя выказваньні Лукашэнкі па цэлым наборы праблемаў, то ў палітычнай сфэры ён такую рэформу абяцае. Мы дакладна ня ведаем, якую, бо нават пра мясцовае самакіраваньне было сказана, што ў іх і так дастаткова паўнамоцтваў. Але калі гаворка зайшла пра Канстытуцыю, то Лукашэнка сказаў, што трэба перафарматаваць паўнамоцтвы, і, відавочна, размова ідзе пра нейкія заплянаваныя зьмены. Гэтым разам было сказана даволі канкрэтна, што гэты склад Палаты прадстаўнікоў мусіць папрацаваць над новай Канстытуцыяй. Лукашэнка раней ужо казаў, што прадметная праца над Канстытуцыяй павінна быць у 2021 годзе.

Іншая справа, што ў пытаньні паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады не было дадзена ніякіх арыенціраў, і таму я думаю, што справа ня зрушыцца, пакуль ня будзе дакладнага ўказаньня ў гэтым сэнсе.

— У гэтым выступе, як мне падаецца, не прагучала нейкіх стратэгічных плянаў на пэрспэктыву, тых вяршынь, да якіх варта імкнуцца, нейкага бачаньня будучыні. Так было задумана ці гэта проста асаблівасьць успрыняцьця, бо самая эмацыйная і гучная частка прамовы была не пра будучыню?

— Я думаю, гэта пытаньне ўспрыняцьця, бо Лукашэнка казаў пра тое, што сярэднія заробкі павінны павялічыцца ў два разы за 5 гадоў, што пэнсія павінна не адставаць ад росту цэнаў. Такія рэчы гаварыліся. Іншае пытаньне, што больш прыкметнымі і адчувальнымі былі выказваньні, якія тычыліся апанэнтаў, успамінаў пра бандыцкія 90-я і гэтак далей.

— Заробак у два разы? У гэтым жа выступе Лукашэнка заявіў, што мы перажылі каранакрызіс і цяпер можам выйсьці на 3–4 працэнты росту ў год. Нават калі будзе такі аптымістычны сцэнар, то за 5 гадоў эканоміка можа вырасьці на 20–25 працэнтаў. Адкуль рост заробку ў два разы?

— Ёсьць палітычныя прамовы, дзе даюцца пэўныя абяцаньні, якія могуць быць і ня выкананыя.

— Многія зьвярнулі ўвагу на стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі падчас выступу. Ён часта выціраў твар, пот ліўся ручаямі, голас слабеў. Навошта кіраўнік дзяржавы вырашыў усё ж выступіць у гэтыя дні?

— Выступ перад Нацыянальным Сходам — гэта канстытуцыйны абавязак прэзыдэнта. Усебеларускага Сходу сёлета не было, і гэтае пасланьне ў пэўнай ступені выконвала такую функцыю.

Што да стану здароўя, то натуральна, што тыя, хто ня любіць Лукашэнку, зьвяртаюць увагу найперш на нейкія праявы ягонага кепскага здароўя. Але ягоныя прыхільнікі могуць сказаць, што трымаўся добра, усё нармальна.

— Ці можна сказаць, што ў гэтай прамове Лукашэнка даў дабро на самыя жорсткія дзеяньні супраць магчымых удзельнікаў акцыяў пратэсту 9–10 жніўня? Ці магла гэтая прамова неяк запалохаць тых людзей, якія зьбіраліся ісьці пратэставаць у гэтыя дні? Ці ня мелі гэта на мэце тыя эмацыйныя лірычныя адступленьні, якія рабіў Лукашэнка?

— Так, кіраўнік дзяржавы казаў, што ня дасьць у крыўду чальцоў выбарчых камісіяў, чыноўнікаў, заклікаў, каб не было здрады. Гэтым выступам ён даў зразумець, што ўсялякую бясьпеку ім гарантуе. Ці стала гэта пераканаўчым — я ня ведаю.

Мне падаліся вельмі паказальнымі словы Лукашэнкі пра творцаў, якія ўчора кланяліся яму, а сёньня зусім па-іншаму сябе паводзяць. Тут ёсьць нейкія настроі, якія ён адчувае, папулярная пазыцыя — не падтрымліваць Лукашэнку. Нават у тым творчым асяродзьдзі, якое зьвязанае зь фінансаваньнем ад дзяржавы, бюджэтным. І калі яго пачынаюць крытыкаваць людзі нават у гэтай сфэры — то гэта Лукашэнку зьдзіўляе і абурае.

— А як вы ацэніце гэты матыў, што ў сьвеце ўсё кепска, «плянэта скочваецца ў прорву»? Лукашэнка пачаў прамову зь «міжнароднай палітінфармацыі», як паўсюль усё валіцца — але і потым, у розныя моманты выступу, шмат разоў вяртаўся да гэтай тэмы. Ці не было гэтага занадта шмат? Як гэта магло ўплываць на шырокую аўдыторыю?

— На маю думку, гэта была плянавая частка, але, сапраўды, яна была занадта даўгой, на мой погляд. Мне гэта нагадала, як пажылы чалавек піша настаўленьне маладым і там расказвае, што раней быў залаты век, а цяпер становіцца ўсё горш. Значная частка прамовы была прысьвечаная няўдзячным маладым пакаленьням. З аднаго боку, мы выспа стабільнасьці, а зь іншага, нават тут ёсьць такія маладыя, якія нечага не таго хочуць.

Гэта не абавязкова выглядае пераканаўча, але гэта адзін з самых галоўных наратываў, які гучыць ад сёньняшняй улады. «Абы не было вайны» і «мы адзіны астравок стабільнасьці».

— Калі падсумаваць, ці пайшоў гэты выступ на карысьць палітыцы Лукашэнкі, ці можна яго назваць удалым? Ці такой задачы нават не было, і галоўная мэта была — напалохаць грамадзтва за некалькі дзён да выбараў?

— Дакладна адказаць я не магу. Я адзначу два моманты. Першы — была спроба зьвярнуцца да самых розных мэтавых групаў і нешта ім усім паабяцаць. У тым ліку апанэнтам, якім было сказана, што мы ўсе аднолькава сыны Беларусі. У тым ліку было сказана некалькі дзяжурных словаў пра беларускую сымболіку і мову. Разам з тым нямала гаварылася ў той ці іншай форме пра пагрозу Расеі. У гэтым сэнсе гэта было накіравана на тых людзей, якія будуць разважаць, што важней — дыктатура ці дзяржава, яе незалежнасьць.

Зь іншага боку, такія прамовы мала хто слухае з шырокіх масаў. Тыя, хто слухае Лукашэнку як палітычнага праціўніка, якраз будуць у прамове шукаць прыкметы таго, што Лукашэнка слабы. Хоць сам Лукашэнка казаў, што ён моцны, рэжым моцны, і дзяржаву ён нікому не аддасьць.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG