Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэгіянальную каардынатарку кампаніі «Честные люди» склалі пратакол за ўлёткі аб абароне галасоў


Вольгу Казуліну, рэгіянальную каардынатарку ініцыятывы «Честные люди», затрымалі 28 ліпеня ў Старых Дарогах, пратрымалі ў міліцыі больш за 5 гадзінаў, склалі пратакол за «парушэньне заканадаўства аб выбарах» і не далі копію пратаколу, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

На ўлётках заклікалі адмаўляцца ад прымусовага датэрміновага галасаваньня, далучацца да ініцыятывы «Голас», насіць на руцэ белую стужку як знак жаданьня выбраць новага прэзыдэнта, прыходзіць на галасаваньне пасьля 15 гадзінаў 9 жніўня, сфатаграфаваць бюлетэнь і выслаць фота на сайт Belarus2020.org.

Жанчыну затрымалі каля 8 вечара, вызвалілі з аддзяленьня толькі ў 1.20 ночы. Пры тым Вольга Казуліна мае сына 2011 году нараджэньня, а артыкул 9.10 КаАП РБ, паводле якога на яе склалі пратакол, прадугледжвае як пакараньне толькі штраф да 15 базавых велічыняў (405 рублёў), але не прадугледжвае арышту. Праваабаронца Аляксей Лойка адзначае, што больш як на тры гадзіны (і да 72 гадзінаў) могуць затрымліваць асобу, якую падазраюць у парушэньні, за якое прадугледжаны арышт, і арышт ня можа ўжывацца да жанчынаў, якія маюць непаўналетніх дзяцей.

Судзіць Вольгу Казуліну мелі 29 ліпеня ў 10.00, але сакратарка суду паведаміла жанчыне, што ў суд справа яшчэ не паступіла, пра час пачатку суду ёй паабяцалі паведаміць пазьней.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG