Выбарчыя камісіі акрэдытавалі 45 430 нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, спасылаецца БелаПАН на абноўленыя зьвесткі Цэнтарвыбаркаму.
Гэта абсалютны рэкорд прэзыдэнцкіх кампаній у Беларусі. У 2001 годзе было 21 887 нацыянальных назіральнікаў, у 2006-м — 32 996, у 2010-м — 39 619, у 2015-м — 43.572. Зьвесткі за 1994 год у архіўным разьдзеле сайту ЦВК адсутнічаюць.
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заявіла, што ня будзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі з прычыны позьняга запрашэньня.
Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы — 44 452. Раённыя камісіі акрэдытавалі 697 назіральнікаў, раённыя камісіі ў гарадах — 193, абласныя — 42, гарадзкія (у гарадах абласнога падпарадкаваньня) — 24, Менская гарадзкая выбарчая камісія — 13, Цэнтарвыбаркам — 9.
32 121 назіральнік (70%) прадстаўляюць грамадзкія аб’яднаньні, у пераважнай большасьці праўладныя. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 9 069 чалавек, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 6 127, «Белая Русь» — 5 223, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3 917, Беларускі саюз жанчын — 3 800, Беларускі фонд міру — 1 709, Беларускі Хэльсынскі камітэт — 106, грамадзкае аб’яднаньне «БНФ Адраджэньне» — 6, рух «За свабоду» — 3. Іншыя — 2 161.
Ад партый акрэдытавалі 2 424 назіральнікі, таксама ў асноўным праўладныя. У Камуністычнай партыі 1 163 прадстаўнік, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 725, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 224, Беларускай аграрнай партыі — 107, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 90, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62, Рэспубліканскай партыі — 21, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 14, Беларускай патрыятычнай партыі — 8, Партыі БНФ — 5, Беларускай партыі «Зялёныя» — 2, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 2, Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — 1.
8 452 чалавекі сталі назіральнікамі шляхам падачы заявы ад свайго імя, 2 433 акрэдытаваліся ад працоўных калектываў.
22 ліпеня Цэнтарвыбаркам прыняў пастанову, згодна зь якой праз пандэмію каранавірусу колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках у асноўны дзень галасаваньня на 9 жніўня не павінна перавышаць пяці, а ў датэрміновае з 4 па 8 жніўня — трох чалавек.