Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як гэтыя людзі могуць глядзець у вочы суседзям?» Жыхары аграгарадку заявілі ў міліцыю на сяброў выбарчай камісіі


Ілюстрацыйнае фота

Жыхары аграгарадку Лясны Менскага раёну падалі ў міліцыю заявы аб тым, што не падпісваліся за вылучэньне сяброў участковых выбарчых камісіяў № 12 і № 18. Яны сьцьвярджаюць, што іхныя подпісы падрабілі.

У Менскім райвыканкаме, які адказвае за стварэньне камісіяў, карэспандэнту Свабоды сказалі, што пытаньне будуць разглядаць.

«Ніякіх камэнтароў даць не магу. Ёсьць пытаньні, будзем разглядаць гэтыя пытаньні», — сказала начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Сьвятлана Лукаш.

Яна таксама не адказала, ці будуць працаваць у камісіях людзі, наконт сапраўднасьці подпісаў у падтрымку якіх ёсьць пытаньні.

У Менскай раённай выбарчай камісіі кажуць, што да іх зь міліцыі не паступалі заявы жыхароў.

«Стварэньнем камісіяў займаецца Менскі райвыканкам. Наша камісія ня мае да гэтага дачыненьня. Участкі мы ўзгаднялі, а ўчастковыя камісіі — гэта ня наш прыярытэт», — сказала сакратарка камісіі Галіна Дубовік.

Што выявілі жыхары аграгарадку Лясны?

Валянціна Макоўская даведалася, што яе подпіс пастаўлены за вылучэньне ў сябры ўчастковай камісіі восьмага Ляснога ўчастку для галасаваньня № 18 Людмілы Барбышавай. Пра гэта ёй паведамілі валянтэры кампаніі «Честные выборы». Валянціна не знаёмая зь Людмілай Барбышавай, якая працуе галоўным бухгальтарам ПУП «Карусэль», і ўпершыню пачула гэтае прозьвішча.

«У дакумэнце я ўбачыла сваё прозьвішча, дату нараджэньня, адрас і нібыта мой подпіс. Гэта быў чужы подпіс, абсалютна ня мой. У сьпісе я ўбачыла суседзяў, якіх ведаю, я патэлефанавала ім. Спытала, ці ставілі яны подпісы. Яны былі, як і я, зьдзіўленыя і абураныя, што невядома дзе разьмешчаныя зьвесткі пра іх і падробленыя іхныя подпісы. Ні я, ні людзі, зь якімі я пагутарыла, сваіх подпісаў ня ставілі», — кажа Валянціна.

Тыя, хто нібыта падпісваўся, жывуць у дамах каапэратыву «Паралякс», як і сама Людміла Барбышава. Аднак зь Людмілай яны не знаёмыя і не сустракаліся на сходах.

«Мы меркавалі, што калі гэтая Барбышава жыве з намі ў адным каапэратыве, то магчыма, што выцек нашых дадзеных адбыўся адтуль. Мы вырашылі зьвярнуцца ў міліцыю ня толькі наконт падробкі подпісаў, але і для вызначэньня крыніцы распаўсюджаньня нашых дадзеных».

Сем чалавек падалі заяву ў Бараўлянскі аддзел міліцыі ў мінулы чацьвер. Там Валянціне сказалі, што заяву перадалі старшыні Менскай раённай выбарчай камісіі.

«Я зьдзівілася, бо ў заяве называліся крымінальныя артыкулы за падробку подпісаў і была просьба вызначыць крыніцу распаўсюджаньня нашых асабістых дадзеных. Але ў міліцыі сказалі, што гэта ня іхная кампэтэнцыя, калі будзе неабходнасьць, раённая камісія зьвернецца ў аддзел міліцыі. Учора я атрымала адказ міліцыі пра тое, што яны 24 ліпеня перанакіравалі нашу заяву. Які яе далейшы лёс, невядома. З райвыканкаму з намі яшчэ ніхто не зьвязаўся».

«Абурае ўзровень нахабства»

Пасьля таго як інфармацыя трапіла ў СМІ, да спадарыні Валянціны пачалі зьвяртацца іншыя жыхары каапэратыву. Яны пыталіся, дзе паглядзець, ці ёсьць іхныя прозьвішчы пад заявамі за вылучэньне сяброў камісіяў. З такім пытаньнем зьвярнуўся і юрыст каапэратыву, але яго ў сьпісах не было.

«Ён прапанаваў, калі будзе неабходна, юрыдычную дапамогу. Юрыст пагутарыў са старшынёй нашага каапэратыву, яна сказала, што гэтыя дадзеныя не паступалі з каапэратыву, іх ніхто не запытваў. Таму для нас загадка: адкуль гэтыя людзі атрымалі нашыя дадзеныя? І ці атрымаюць гэтыя жанчыны нейкае пакараньне, гэта таксама застаецца пакуль загадкай. Наш юрыст зьвязаўся з Барбышавай, і яна яму сказала, што сама зьбірала подпісы. Ён спытаў, у якіх жыхароў яна зьбірала і ці ёсьць копія гэтага сьпісу. Яна сказала, што ня памятае, у каго зьбірала, копіі сьпісу ў яе не засталося. Гэта наводзіць на думку, што, хутчэй за ўсё, яна маніць», — сказала Валянціна.

Пад падазрэньне трапілі подпісы і за вылучэньне яшчэ дзьвюх удзельніц участковай камісіі — Людмілы Дайняк, якая працуе мэдсястрой у РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, і супрацоўніцы Дому культуры аграгарадку Лясны Тацяны Несьцяровіч.

«Абурае ўзровень нахабства людзей, узровень пачуцьця беспакаранасьці, сваволі. Але гэта ж крымінальная адказнасьць — падробка подпісаў, распаўсюджаньне чужых зьвестак. Магчыма, людзі, якія працуюць у камісіях, атрымліваюць нейкае грашовае ўзнагароджаньне, прэміі, адгулы ці адпачынкі. Але як гэтыя людзі могуць глядзець у вочы суседзям, у якіх скралі дадзеныя, падрабілі іхныя подпісы?

Калі нічога не памяняецца, Людміла Барбышава, Тацяна Несьцяровіч і Людміла Дайняк будуць сябрамі камісіі на ўчастку, дзе ўсе мы, жыхары, у якіх яны скралі подпісы, і глядзець нам у вочы падчас выбараў. Гэтыя людзі будуць лічыць нашы галасы. Які можа быць давер да іх, калі яны пачынаюць з хлусьні, подласьці?» — сказала Валянціна.

12 чалавек падпісаліся пад зваротам у міліцыю.

«Усе сем заяваў запоўненыя адным почыркам»

Аналягічная сытуацыя ўзьнікла на другім Лясным участку для галасаваньня № 12, разьмешчаным у Бараўлянскай сярэдняй школе ў аграгарадку Лясны.

У склад камісіі праз збор подпісаў вылучалася Мар’ям Малашонак, але Менскі райвыканкам яе не ўключыў. Камісію сфармавалі з настаўнікаў школы. Суд не задаволіў скаргу аднаго з выбарнікаў на неўключэньне Мар’ям Малашонак у склад камісіі. Падчас разбору ўдалося сфатаграфаваць заявы з подпісамі жыхароў за вылучэньне настаўнікаў.

«11 і 12 ліпеня я пайшла на адрасы выбарнікаў, якія былі ў сямі заявах настаўнікаў. Дарэчы, усе сем заяваў запоўненыя адным почыркам. Мала хто быў дома, але хто быў, казалі, што яны не падпісваліся і да іх ніхто не прыходзіў. 12 чалавек падпісаліся пад заявай, якую мы падалі ў міліцыю, што яны ня ставілі свае подпісы. Яны просяць разабрацца, чаму падрабілі подпісы.

11 чалавек сказалі, што ня будуць пісаць такую скаргу, два чалавекі пацьвердзілі, што ставілі подпіс, астатніх не было дома. І яшчэ была адна сям’я ў кватэры, там абурыліся, бо чалавек, які нібыта падпісаўся за настаўніка, даўно не прапісаны ў гэтай кватэры. Магчыма, узялі нейкія старыя сьпісы», — кажа Свабодзе Мар’ям Малашонак.

Мар’ям пакуль не атрымала зь міліцыі адказу на заяву, хоць ужо прайшоў тыдзень. Але ёй там сказалі, што заяву нібыта перанакіравалі ў раённую выбарчую камісію.

Ці было для Мар’ям нечаканасьцю, што подпісы за вылучэньне сяброў камісіі маглі падрабіць?

«Я думала, што прымусілі аднаго чалавека прайсьціся, подпісы пазьбіраць, але выявілася, што яны нават не далі сабе клопату. Акрамя таго, калі паглядзець на заяву, у ёй памылка, бо ўчастак не Ляскоўскі, а Лясны. Я думаю, што з такой памылкай райвыканкам нават не разглядаў бы такую заяву, калі б яна прыйшла не ад „сваіх“», — сказала Мар’ям Малашонак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG