Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладныя сацыёлягі: Лукашэнку гатовыя падтрымаць 72,3%, Ціханоўскую — 7,5%


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Аналітычны цэнтар EcooM​» прадставіў на дзяржаўным тэлеканале АНТ вынікі другога дасьледаваньня электаральных настрояў беларусаў, праведзенага на замову каналу.

Паводле цэнтру, 23–27 ліпеня па тэлефоне апыталі 1879 рэспандэнтаў, статыстычная хібнасьць не перавышае 4%. Вынікі такія:

  • галасаваць на выбарах зьбіраюцца 89,5% (два тыдні таму было 87,3%);
  • да датэрміновага галасаваньня «агулам станоўча» ставяцца 61,4%;
  • узровень даверу Лукашэнку складае 78,1%;
  • на выбарах Лукашэнку гатовыя падтрымаць 72,3% (два тыдні таму было 69,4%);
  • найбольш папулярны альтэрнатыўны кандыдат — Сьвятлана Ціханоўская, яе гатовыя падтрымаць 7,5% (было 2,2%);
  • падтрымаць іншых апазыцыйных кантыдатаў гатовая доля людзей, меншая за статыстычную хібнасьць: Канапацкую — 1,6% (было 1,5%), Дзьмітрыева — 0,7% (было 0,3%), Чэрачня — 0,2% (было 0,8%);
  • яшчэ ня могуць адказаць, каго хацелі б падтрымаць на выбарах, 10,9% (два тыдні таму было 6,4%), проста не захацелі адказваць 3,1% (было 6,1%), супраць усіх — 3,7% (было 3,5%);
  • 65,4% апытаных найбольш давяраюць тэлевізійным СМІ, 43,2% — інтэрнэт-СМІ, 25,7% — сябрам, знаёмым і родзічам;
  • 62,8% маюць аптымістычны настрой перад выбарамі, заклапочанасьць і няўпэўненасьць у будучыні выказваюць 17,2%, а 5,5% абыякавыя.

EcooM вядомы падтрымкай дзейных уладаў і адкрытым выказваньнем сымпатыяў дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі з боку кіраўніка — Сяргея Мусіенкі. Напрыклад, у 2016 годзе кіраўнік EcooM «раіў» АБСЭ прызнаць вынікі парлямэнцкіх выбараў, перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году хваліў Лукашэнку за «збліжэньне Беларусі і ШАС». Падчас галасаваньня на выбарах 2010 году EcooM апублікаваў вынікі экзыт-полаў (паводле іх, за Лукашэнку прагаласавалі 79,1% апытаных), а ЦВК не пабачыла ў гэтым парушэньняў.

Ці будзе праводзіць EcooM экзыт-полы на сёлетніх выбарах, невядома: пакуль анансавалі толькі экзыт-полы ад праўладнай арганізацыі БКМА.

Звычайна на выбарах у Беларусі не дазваляюць праводзіць экзыт-полы і электаральныя дасьледаваньні непраўладным установам і заходнім кампаніям. Раней інтэрнэт-рэсурсы праводзілі свае апытаньні аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. У іх Аляксандар Лукашэнка набіраў 3–6%, але пазьней такія апытаньні СМІ рабіць забаранілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG