Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ: незалежныя СМІ рыхтуюць пераварот, беларускіх чыноўнікаў усе шкадуюць, з-за пратэстаў тырчаць вусы Мілінкевіча


Белыя стужкі раздаюцца на пікетах

У эфіры «Клюбу рэдактароў» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Дзьмітры Жук прайшліся па незалежных СМІ, выбарчай кампаніі аб’яднанага штабу і Сьвятлане Ціханоўскай.

Іван Эйсмант: Незалежныя СМІ вядуць дэструктыўную, падрыўную дзейнасьць, стрымы каардынуюць акцыі пратэсту. Яны сталі на рэвалюцыйныя рэйкі.

Дзьмітры Жук: Яны рыхтуюць пераварот!

Далейшыя асноўныя тэзы выпуску:

  • і палітычнае, і мэдыйнае поле расколатае на дзьве часткі ў адносінах да ўлады
  • журналісты тэлефануюць сэлебрыці, патрабуюць асуджэньня дзеяньняў уладаў, іначай, маўляў, «асудзяць вас»
  • супраць тых, хто падтрымлівае ўладу, вядзецца цкаваньне ў сацсетках
  • яшчэ пра незалежныя СМІ: альтэрнатыўная рэальнасьць, якую яны самі сабе стварылі і татальная хлусьня
  • Лукашэнка заўсёды перамагаў у першым туры
  • хто ня верыць у высокі рэйтынг Лукашэнкі — няхай замовіць сацапытаньне ў акрэдытаваных цэнтрах
  • пра белыя стужкі, якія прапануе аб’яднаны штаб: гэта сэканд-хэнд, такое ўжо было ў Расеі. Гэта так нязгодных хочуць пазначыць!
  • пра пратэсты: ідзе барацьба не супраць Лукашэнкі, а супраць нашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, ідзе новая хваля капіталізму
  • пра Ціханоўскую: нам прапануюць прагаласаваць за таго, хто сам гаворыць, што ні ў чым не разьбіраецца. Павыпускае з турмаў бандытаў і наркаманаў, якія разьдзярбаняць дзяржаву
  • гэтая кампанія з вылучэньнем — у інтарэсах нейкай трэцяй асобы. Падобна, што стаіць за гэтым Саньнікаў, тырчаць вусы Мілінкевіча
  • нязгодных журналістаў з афіцыйных СМІ ніхто не звальняў, яны самі сышлі
  • у міжнародных кампаніях спачуваюць беларускім чыноўнікам, бо яны вельмі бедныя і пад татальным кантролем сілавых структур.

    Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

    • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
    • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
    • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
    • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
    • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
    • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
    • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
    • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
    • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
    • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG