Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АМАП прывёў у аддзел і сам ня ведаў, чаго прывёў». У Гомлі працягнулі судзіць сына гомельскіх журналістаў


У залі суду па адміністрацыйнай справе Юрыя Германовіча ўсе месцы занялі супрацоўнікі міліцыі

28 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля працягнулі разгляд адміністрацыйнага пратаколу, складзенага на 18-гадовага гомельца Юрыя Германовіча. Судзьдзя Алеся Осіпава не агучыла пастановы, яна прызначыла яшчэ адно паседжаньне на 31 ліпеня.

Юры — сын карэспандэнткі БелаПАН Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Белоруссии» Паўла Міцкевіча. Маладога чалавека затрымалі раніцай 3 ліпеня за тое, што, як напісана ў пратаколе, «з хуліганскімі намерамі, назойліва чапляўся да грамадзян, хапаў іх за рукі, перашкаджаў іх свабодзе перамяшчэньня, чым напалохаў іх». Юрыя Германовіч ўсё адмаўляе.

На першым паседжаньні 20 ліпеня Юры Германовіч заявіў, што яму пагражалі пасадзіць на два гады, калі бацькі не перастануць пісаць свае артыкулы. Маці Юрыя адзначыла, што «няма грамадзян, пакрыўджаных, спалоханых, якіх Юра нібыта хапаў за рукі». Юры Германовіч і бацька Ігара Мацюшкіна, затрыманага разам зь ім, падалі заявы ў пракуратуру на незаконнае затрыманьне.

На другім паседжаньні 28 ліпеня ўсе месцы ў судовай залі занялі супрацоўнікі АМАПу.

Паводле Tut.by, для паседжаньня выбралі адну з самых малых заляў у судзе. Як пішуць Naviny.by, яшчэ 10 супрацоўнікаў АМАП стаялі ў калідоры — тым, хто прыйшоў падтрымаць Юрыя, у тым ліку ягоным бацькам, не хапіла месца. Адвакат Сяргей Красноў заявіў, што расцэньвае гэта як ціск на падабароннага. Судзьдзя папрасіла выйсьці трох чалавек.

Сьведкі-міліцыянты, якія не зьявіліся на мінулае паседжаньне, выступілі 28 ліпеня.

Першым апыталі ўчастковага міліцыянта Дзьмітрыя Краўчанку, які складаў пратакол на Германовіча і Мацюшкіна на падставе рапарту супрацоўнікаў АМАП. Ён заявіў, што людзей, якія паказалі на правапарушэньне Германовіча, ня выявілі, а само правапарушэньне ня трапіла на камэры відэаназіраньня. Агляд запісаў з камэраў ён ніяк не афармляў афіцыйна. Судзьдзя ж заявіла, што запісы з камэраў не захаваліся, бо час іх захаваньня скончыўся.

На судзе адвакат згадаў і тэлефонны званок бацьку Мацюшкіна ад Краўчанкі. Міліцыянт апісаў, што сына Мацюшкіна затрымалі разам з «таварышам такім… з апазыцыйнымі схільнасьцямі». На пытаньне адваката, чаму Краўчанка не растлумачыў бацьку, за што затрымалі сына, міліцыянт адказаў, што на той момант «АМАП яшчэ ня вызначыўся, чаго яны хочуць», а рапарту ён яшчэ ня бачыў, але АМАП перадаў, што ў аднаго з хлопцаў была майка з надпісам «Страна для жизни».

За ім давалі паказаньні супрацоўнікі АМАП Яўген Архіпенка і Сяргей Жаніла. Яны сьцьвярджалі, што праводзілі затрыманьне Германовіча. Юры Германовіч заявіў, што яго затрымлівалі іншыя, «людзі ў цывільным», а гэтыя амапаўцы былі ў форме ў мікрааўтобусе, куды яго завялі «людзі ў цывільным».

Архіпенка заявіў, што Германовіч «настойліва прыставаў да грамадзян і размахваў рукамі», хоць прызнаў, што сам таго ня бачыў. Яму пра гэта, сьцьвярджае супрацоўнік АМАП, расказалі мужчына і жанчына, якія «пажадалі застацца невядомымі» і нібыта проста сказалі, што «ня хочуць даваць свае пашпартныя зьвесткі». Гэтыя людзі, сьцьвярджае ён, не паказалі на канкрэтных парушальнікаў парадку, а толькі сказалі, што «ў аднаго зь іх ёсьць заплечнік». Праваахоўнікі знайшлі пару хлопцаў, у аднаго зь якіх быў заплечнік.

«Яны патлумачылі, што ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў не ўчыняюць, тым самым яны праігнаравалі нашае вуснае папярэджаньне», — растлумачыў Архіпенка.

Жаніла паўтарыў аповед Архіпенкі, у тым ліку пацьвердзіў, што хлопцаў «апазналі» па наяўнасьці заплечніка ў аднаго зь іх. Ён дадаў, што ня памятае, ці меў у той дзень на сабе відэарэгістратар, і заявіў, што «іх на ўсіх не хапае».

Адвакат адзначыў, што з паказаньняў супрацоўнікаў АМАП вынікае, што, калі яны перадавалі затрыманага, рапарты ўжо былі напісаныя, што супярэчыць словам участковага, які складаў пратакол.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG