Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям'ю актывістаў з Крупак выклікалі ў міліцыю. МУС пракамэнтавала


Мітынг за Сьвятлану Ціханоўскую ў Барысаве, 23 ліпеня

Аляксандар і Ганна Бандарэнкі зьяўляюцца чальцамі ініцыятыўнай групы кандыдаткі на прэзыдэнта Святланы Ціханоўскай і былі на мітынгу ў Барысаве.

У Крупках усю сям‘ю Бандарэнкаў — бацькоў Аляксандра і Ганну, іх дарослых дзяцей Ільля і Кацярыну — выклікалі ў міліцыю. 23 ліпеня ўся сям’я была на мітынгу ў Барысаве, дзе Сьвятлана Ціханоўская разам са сваімі паплечнікамі праводзіла сустрэчу з выбарнікамі.

Як пасьпеў сказаць па тэлефоне Аляксандар Бандарэнка а 13-й гадзіне, «менавіта з Барысава прыехалі міліцэйскія начальнікі».

Дзяжурны Крупскага РАУС паведаміў, што ў Крупках Бандарэнак дакладна няма. Дзяжурны Барысаўскага РУУС пачаў высьвятляць, ці зьяўляецца карэспандэнт Свабоды сваяком Бандарэнкаў. Пачуўшы, што не, адмовіўся даць інфармацыю.

Прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава расказала Свабодзе, што сям'ю актывістаў з Крупак у міліцыю не забіралі.

«У Барысаўскім РАУС знаходзяцца матэрыялы праверкі ў дачыненьні да сына Бандарэнкаў Ільлі, што стала падставай для выкліканьня яго ў міліцыю і апытаньня. Разам зь ім была апытаная ягоная старэйшая сястра Кацярына. Гэта ніяк не зьвязана з мітынгам ў Барысаве. У дадзены момант сям’я Бандарэнкаў зьехала з Барысаўскага РАУС дамоў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG