Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці і нявеста зьняволенага ў «справе Ціханоўскага» анансавалі бестэрміновую галадоўку


Зьміцер Фурманаў на дыстанцыйным судзе ў Горадні, ілюстрацыйнае фота

Маці Зьмітра Фурманава Вольга Фурманава, а таксама ягоная дзяўчына Вольга Каракіна абвясьцілі пра бестэрміновую галадоўку. Яны патрабуюць вызваліць Зьмітра і ўсіх палітвязьняў, а таксама — спыніць крымінальны перасьлед зьняволеных па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Гарадзенкі пачнуць галадоўку 26 ліпеня а 13:00 каля СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску.

Апавяшчэньне аб сваёй акцыі яны накіравалі ў Горадзенскі аблвыканкам, Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі Беларусь, СІЗА №1, МУС Беларусі, Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, прадстаўніку Эўразьвязу ў Беларусі, прадстаўніку ААН па правах чалавека ў Беларусі, Вярхоўны суд, спэцыяльнаму дакладчыку па правах чалавека ў Беларусі.

У апавяшчэньні яны папрасілі забясьпечыць ім бясьпеку і своечасовую мэдычную дапамогу на акцыі пратэсту.

Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні на пікеце Ціханоўскай. Па словах ягонага бацькі Аляксандра Фурманава, яго схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG