Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра Лукашэнку: «Зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, не прымусіш сябе любіць»


Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская // выбары прэзыдэнта, прэзыдэнцкія выбары, кандыдаты ў прэзыдэнты, выбары-2020
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская // выбары прэзыдэнта, прэзыдэнцкія выбары, кандыдаты ў прэзыдэнты, выбары-2020

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё, дзе падзялілася сваёй перадвыбарнай праграмай.

«Мяне ніколі ня вабіла ідэя будаваць кар’еру, я адчувала сябе перш за ўсё жонкай і маці, — цытуе яе Tut.by. Але год таму мой муж Сяргей Ціханоўскі стварыў інтэрнэт-праект „Страна для жизни“, у рамках якога сустракаўся з рознымі людзьмі. Яны расказвалі, што іх турбуе, што думаюць пра жыцьцё ў Беларусі. І тых людзей сталі караць штрафамі, кідаць у турмы. Вось таму, калі майго мужа пазбавілі магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, я вырашыла замяніць яго і ісьці да перамогі за сябе, за Сяргея, за ўсіх нас».

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ня стане нічога абяцаць: для гэтага ёсьць іншыя людзі, якія 26 гадоў раздаюць «пустыя абяцаньні». Тым ня меней акрэсьліла праблемныя моманты, якія неабходна зьмяніць:

  • Масавая эміграцыя беларусаў за мяжу
  • Паміраньне вёсак і малых гарадоў
  • Правалены іспыт уладаў на каранавірус
  • Гвалт супраць уласнага народу.

«Гэтым летам людзей пачалі хапаць на вуліцах нават не за тое, што выйшлі на нейкі мітынг. Іх хапалі, бо яны хацелі сваім подпісам падтрымаць вылучэньне прэтэндэнтаў. А цяпер хапаюць, што зьбіраліся падаць скаргі ў ЦВК на відавочныя парушэньні. Няўжо дзейны прэзыдэнт разьлічвае, што, зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, можна прымусіць сябе любіць? Ён што, сапраўды думае, што гвалтам, хамствам і хлусьнёй можна вырашыць праблемы ў эканоміцы, да якіх ён сам жа і прывёў краіну?», — заявіла Ціханоўская.

Яна запэўніла, што ў выпадку перамогі 9 жніўня правядзе новыя выбары з усімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Падчас пераходнага пэрыяду краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэньнем асобаў, якія груба парушылі закон. Акрамя выбараў, Ціханоўская плянуе прызначыць рэфэрэндум аб вяртаньня Канстытуцыі 1994 году.

Кандыдатка таксама агучыла асноўныя тэзы сваёй праграмы «Краіна для жыцьця, дзяржава для людзей».

  • Стварэньне новых працоўных месцаў у Беларусі
  • Зьняцьце бар’ераў для малога і сярэдняга бізнэсу
  • Перагляд фінансаваньня стратных прадпрыемстваў
  • Рэформа сыстэма аховы здароўя і адукацыі
  • Прыярытэты замежнай палітыкі.

«Незалежнасьць — наша абсалютная галоўная каштоўнасьць, мы яе не прадаём. Мы мірныя людзі, будзем сябраваць з усімі, але толькі ў інтарэсах уласнай краіны. Мы павінны стварыць партнэрства на роўных, а не залежаць ад газавай і нафтавай іголкі. Простага шляху няма: альбо мы аб’ядноўваемся і разам ідзём у краіну для жыцьця, альбо паўтараем памылкі мінулых гадоў», — падсумавала Сьвятлана Ціханоўская.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG