Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-служба АНТ заявіла пра ціск на журналістаў тэлеканала


Мікрафоны дзяржаўных тэлеканалаў
Мікрафоны дзяржаўных тэлеканалаў

«Спробу стварыць штучны палітычны ажыятаж вакол АНТ варта расцэньваць як ціск на журналістаў у сувязі з выкананьнем імі прафэсійных абавязкаў», — паведамляе БелаПАН са спасылкай на апублікаванае вечарам 17 ліпеня паведамленьне прэс-службы тэлеканала.

«Нягледзячы на гэта, звароты, якія паступілі ў адрас тэлеканала, будуць разгледжаны ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

«Карыстаючыся выпадкам, хочам заклікаць арганізатараў такіх акцый да асабістай адказнасьці за распальваньне варожасьці ў грамадзтве і пакалечаныя лёсы маладых людзей. Упэўнены, што ўжо праз месяц зямля ачысьціцца настолькі, што зьнікнуць штабы кандыдатаў, але большасьць з нас даведаецца пра гэта, толькі калі сумныя паліттэхнолягі пачнуць шукаць новую працу», — заявіла прэс-служба канала.

17 ліпеня штабы кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай і прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якія аспрэчваюць іх нерэгістрацыю кандыдатамі, паведамілі аб падрыхтаваным на адрас тэлеканала звароце, дзе адзначаецца парушэньне ім Канстытуцыі і закона аб СМІ.

Як гаворыцца ў звароце, «у эфіры Агульнанацыянальнага тэлебачаньня ў апошні час рэгулярна зьмяшчаюцца відэаматэрыялы ў дачыненьні да крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў стадыі расьстледавантня».

«Журналістамі дапускаюцца катэгарычныя выказваньні аб злачынных дзеяньнях некаторых асоб, пры гэтым дагэтуль, як вынікае з апублікаванай інфармацыі, не выстаўленыя адпаведныя абвінавачаньні, няма прыгавору суда», — заяўляюць аўтары дакумэнта.

Яны адзначаюць, што, «згодна з арт. 26 Канстытуцыі Беларусі, ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які набыў законную моц».

Штабы прапанавалі сваім прыхільнікам зьвярнуцца з аналягічнымі пісьмовымі зваротамі да АНТ, адзначаючы, што гэта законнае права любога грамадзяніна Беларусі.

10 ліпеня адвакаты Бабарыкі Натальля Мацкевіч і Дзьмітрый Лаеўскі падалі ў генпракуратуру скаргу з нагоды «спэцрасьсьледаваньня» тэлеканала АНТ аб так званай справе «Белгазпрамбанка» з кадрамі вочных ставак экс-банкіра з яго былымі падначаленымі.

На думку абаронцаў, відэаматэрыял, паказаны на АНТ, выходзіць за рамкі і беларускага заканадаўства, і міжнароднага права, а інфармацыя, прадстаўленая тэлеканалам грамадзтву, мае аднабокі і неаб’ектыўны характар.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG