Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці сьведчыць пра палітычны перасьлед Бабарыкі, — праваабаронца Стэфановіч


9 ліпеня на тэлеканале АНТ паказалі сюжэт, які быў названы «спэцрасьсьледаваньнем». У ім выкарысталі кадры вочнай стаўкі патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і яго былога намесьніка ў «Белгазпрамбанку» Кірылы Бадзея.

Пры гэтым ніякіх слоў ад Віктара Бабарыкі не прагучала, адзначае праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч. Сюжэт зроблены выключна ў прапагандысцкім ключы — кожныя выбары грамадзянам паказваюць такога кшталту «кіно», — кажа ён.

«Такім жа быў у 2010 годзе фільм „Жалезам па шкле“, у 2017-м мы бачылі сюжэт пра ліст ад фраў А. і „Белы легіён“, у якім дэманстраваліся аўтаматы ў багажніках аўтамабіляў. У выніку справу спынілі за адсутнасьцю складу крымінальнага злачынства», — нагадвае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч кажа, што гэта ня першы выпадак, калі на дзяржаўнай тэлевізіі дэманструюцца матэрыялы сьледзтва. Бывалі выпадкі, калі паказвалі сьледчыя дзеяньні, а справа потым разглядалася ў закрытым рэжыме.

«Мы расцэньваем такія сюжэты як парушэньне прынцыпаў справядлівага судовага разбору ў частцы таго, што прэзумпцыя невінаватасьці гарантаваная Канстытуцыяй для ўсіх. З аднаго боку, з адвакатаў Віктара Бабарыкі ўзятыя падпіскі аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва і яны ня могуць пракамэнтаваць тое, што прадэманстравана ў фільме. Зь іншага боку, празь дзяржаўныя СМІ ў абвінаваўчым ключы разгалошваюцца тыя самыя матэрыялы», — падкрэсьлівае юрыст «Вясны».

Паводле Валянціна Стэфановіча, парушэньне прынцыпаў справядлівага судовага разбору якраз і сьведчыць пра палітычны характар перасьледу Віктара Бабарыкі з боку ўладаў і дэманструе іх рэальныя матывы, а менавіта — спыненьне ягонай публічнай дзейнасьці і рэалізацыі права на кіраваньне краінай праз удзел у выбарах.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG