Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канал АНТ паказаў апэратыўныя здымкі вочнай стаўкі з удзелам Віктара Бабарыкі

абноўлена

Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў кадры вочнай стаўкі затрыманага патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі з былым падначаленым Кірылам Бадзеем.​

У сюжэце гаворыцца, што фігуранты актыўна супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

Бадзей называе кампаніі (у тым ліку «ПрыватЛізінг», «Прававы дыялёг» і «Сыстэмы апрацоўкі») і прозьвішчы людзей, ад якіх атрымліваў гатоўку — ад 250 тысяч да 300 тысяч штогод. Словаў Бабарыкі ў рэпартажы не паказалі.

«Апошняя сума, якая была ўжо вясной 2020 году (Віктар Дзьмітрыевіч пакідаў банк), ён даручыў самастойна перадаць гэтыя грашовыя сродкі іншым калегам. Грошы я аддаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Гэта была не мая ініцыятыва. Мне яе агучыў Віктар Дзьмітрыевіч [Бабарыка]. Грашовыя сродкі перадаваліся, як разумею, за супрацоўніцтва з названымі кампаніямі. Паміж банкам і кампаніямі», — сказаў Бадзей.

Паводле начальніка аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака, кіраўнікі «Белгазпрамбанку» атрымлівалі адкаты ад кампаніі «ПрыватЛізінг».

«Калі сьцісла, то сутнасьць бізнэсу была такая. „ПрыватЛізінг“ рэалізоўваў насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разьлічваўся з прадаўцом за кошт крэдытных рэсурсаў банку. Такім чынам, пасьпяховасьць дзейнасьці кампаніі непасрэдна залежала ад умоў, на якіх банк даваў крэдытныя рэсурсы. Кіраўніцтвам банку, у тым ліку старшынём праўленьня Віктарам Бабарыкам, прадпрымальнікам была пастаўлена ўмова: за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў аб крэдытаваньні на выгадных умовах яны павінны былі даваць частку прыбытку ў выглядзе так званага адкату», — сказаў Канстанцін Бычак.

Гэта ня першы сюжэт, пабудаваны на апэратыўных матэрыялах «справы „Белгазпрамбанку“». Папярэдні выйшаў 18 чэрвеня.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG