Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Спарыша прызналі палітычным зьняволеным. Ён ужо 24-ы палітвязень


Сяргей Спарыш, архіўнае фота

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычным зьняволеным актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша, супраць якога завялі крымінальную справу за «ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», пры прыняцьці рашэньня аб прызнаньні палітвязьнем Спарыша кіраваліся тымі ж крытэрамі, што ў выпадку іншых прызнаных палітвязьнямі фігурантаў «справы Ціханоўскага».

Спарыша затрымалі 25 чэрвеня «людзі ў цывільным», яго гвалтоўна выцягнулі з кватэры, цягнулі па прыступках, пасадзілі ў машыну. Сьведкі кажуць, «людзі ў цывільным» яго зьбілі. Тады яго забралі адбываць 15 сутак, якія ён раней атрымаў за ўскладаньне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня.

Пра крымінальную справу стала вядома 9 ліпеня. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызваленьня Спарыша і спыненьня крымінальнай справы.

Цяпер вядома пра 18 чалавек, якія знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў паводле арт. 342 КК. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні ў так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч, актывіст Сяргей Спарыш. Раней прызнаныя палітвязьнямі Ўладзімер Навумік і Васіль Баброўскі выйшлі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, але засталіся фігурантамі справы.

У чым менавіта іх падазраюць, невядома.

Папярэдняя заява аб прызнаньні палітвязьнямі тычылася фігурантаў іншай «перадвыбарчай» справы — «справы Белгазпрамбанку». Прызналі палітычнымі зьняволенымі яшчэ дваіх затрыманых з атачэньня экс-банкіра і прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі — Алену Карагачаву і Дзьмітрыя Карака. Таксама прызнаныя палітвязьнямі сам Віктар Бабарыка, яго сын і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, каардынатары ягоных ініцыятыўных групаў Уладзімер Дудараў і Сьвятлана Купрэева.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG