Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У іх быў доўгі сьпіс». Да айцішніка прыйшлі сьледчыя, бо напісаў міліцыянту, які затрымліваў Ціханоўскага


Дзьмітры Зімарын

Супрацоўнік IT-кампаніі Дзьмітры Зімарын кажа, што прызнаны сьведкам у справе аб пагрозах міліцыянту, які ўдзельнічаў у затрыманьні Сяргея Ціханоўскага. Інцыдэнт адбыўся 29 траўня ў Горадні.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Дзьмітры Зімарын кажа, што пабачыў у інтэрнэце відэа, як міліцыянт ляжыць на асфальце. Ён палічыў, што супраць кіраўніка выбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай была зроблена правакацыя, і праз інтэрнэт зьвярнуўся да міліцыянта.

«Прызнаю, што выказваўся ў ягоны адрас не зусім карэктна, але без пагроз», — зазначае Дзьмітры. Цяпер ён ведае, што такіх, як ён, абураных гледачоў у інтэрнэце аказалася шмат, допісы некаторых пракуратура палічыла пагрозай супрацоўніку міліцыі і завяла крымінальную справу. Пры гэта Дзьмітрыю Зімарыну расказаў сьледчы, які прыходзіў да яго з вобшукам 3 ліпеня.

Прадстаўніца прэсавай службы МУС Вольга Чамаданава на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіць, ці завялі такую справу, сказала, што ўся інфармацыя пра гэта будзе агучаная неўзабаве.

«Справу завялі паводле артыкулу аб пагрозах жыцьцю і здароўю супрацоўніку міліцыі, — апавядае Зімарын. — Мяркую пра гэта з пастановы аб ператрусе, якую мне паказаў сьледчы. Але супраць каго завялі справу, у пастанове не было пазначана. Пастанову падпісаў пракурор з Горадні».

Малады чалавек сьцьвярджае, што сьледчы і два мясцовыя супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго 3 ліпеня, у сьвяточны выходны дзень. Нічога не забралі, абмежаваліся аглядам і пытаньнямі.

«Зрабілі скрыншоты з ВК, пыталіся пра тое, зь якіх крыніц маю доступ у інтэрнэт, які ў мяне правайдэр. Наколькі памятаю, у іх быў цэлы сьпіс тых, хто прыслаў свае камэнтары гэтаму міліцыянту, і я быў ня першым у сьпісе. Ад мяне, думаю, паехалі яшчэ да кагосьці»,— сказаў Зімарын.

Са словаў Дзьмітрыя Зімарына, ён праходзіць у справе як сьведка. Сьледчы ўзяў у яго тлумачэньні, чаму даў такі камэнтар (тэкст камэнтару ёсьць у рэдакцыі, але з этычных меркаваньняў яго вырашана не цытаваць. — РС).

«Калі мяне спыталі, што я хацеў сказаць гэтым допісам, дык і ня змог толкам патлумачыць. Што тут скажаш? Зразумела, мяне гэта абурыла. Гэта не былі паводзіны супрацоўніка міліцыі, нават не былі паводзіны простага грамадзяніна. Вось там, як пішуць, былі жанчыны лёгкіх паводзінаў, дык гэта такія ж паводзіны. Падстава для таго, каб Ціханоўскага затрымалі. І цяпер яму «шыюць» крымінальную справу. Дык значыць, гэтак можна любога чалавека затрымаць? Падыдуць да цябе два супрацоўнікі, адзін раптам паваліцца, другі скажа, што гэта ты яго паваліў — і ўсё, гатовая справа?»

Дзьмітры ня ведае, як ягоны допіс у выніку інтэрпрэтуе сьледзтва.

«Можа, захочуць палічыць зьнявагай, але ж гэта не было публічна. Можа, дадуць штраф? Ня думаю, што можа выйсьці нешта горшае», — спадзяецца Дзьмітры.

Дзьмітрый Зімарын жыве ў Менскім раёне, працуе ў ІТ-кампаніі, цяпер дыстанцыйна. Малады чалавек плянаваў выбірацца ў мясцовую выбарчую камісію, але «не прапусьцілі». Цяпер разьлічвае атрымаць статус назіральніка на выбарчым участку. Кажа, што ягоную выбарчую актыўнасьць у сям’і збольшага падтрымліваюць усе, акрамя бабкі.

«Адзіны чалавек, які ня верыць, што на вуліцы могуць затрымаць людзі ў цывільным, гэта бабуля. Ясна, бо яна глядзіць толькі дзяржаўны тэлевізар. Некаторыя ставяцца скептычна, маўляў, зьмяніць нічога не ўдасца, але ўсе пагаджаюцца, што перамены патрэбны», — кажа Зьміцер.

Сытуацыю, у якой не зарэгіструюць і Віктара Бабарыку, і Сьвятлану Ціханоўскую, малады чалавек уяўляць ня хоча. «Тады ня ведаю, што і рабіць», — кажа ён.

У Сьледчым камітэце пакуль не адказалі на пытаньне, ці сапраўды расьсьледуецца крымінальная справа аб пагрозах жыцьцю і здароўю міліцыянту К., які лічыцца пацярпелым падчас падзеяў 29 траўня ў Горадні.

Атрымаць камэнтар пракуратуры Беларусі не ўдалося — у прэсавай службе ўстановы не паднялі слухаўку.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG