Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ падтрымала ідэю прыбраць «Табакеркі» з ходнікаў і веладарожак. Але ня можа


Адзін зь нешматлікіх дэмантаваных кіёскаў «Табакерка», які быў на вуліцы Кнорына ў Менску, архіўнае фота

На сайце Petitions.by апублікаваны адказ начальніка менскай Дзяржаўтаінспэкцыі Сяргея Бабіча на пэтыцыю з просьбай перанесьці кіёскі «Табакерка» з ходнікаў і роварных дарожак.

У пэтыцыі аўтар сьцьвярджае, што, ставячы «Табакеркі», часта не зьвяртаюць увагі на шляхі руху пешаходаў і раварыстаў, кіёскі могуць абмяжоўваць бачнасьць і нават ствараць небясьпеку наезду транспарту на пешаходаў. На думку аўтара, такія праблемы адносяцца да кампэтэнцыі ДАІ — яна мае сярод іншых функцыю арганізацыі руху транспарту і пешаходаў, узгадненьне праектаў арганізацыі дарожнага руху.

Начальнік менскай ДАІ Сяргей Бабіч адказаў, што падтрымлівае ініцыятыву наконт «Табакерак» на ходніках і веладарожках, але заяўляе, што пытаньне не ўваходзіць у кампэтэнцыю ДАІ.

Зварот ён перанакіраваў у Камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму і адміністрацыю Фрунзэнскага раёну Менску.

Ранейшыя пэтыцыі (і нават выказваньні дэпутатаў) супраць «Табакерак» не давалі выніку ў большасьці выпадкаў, у тым ліку ў Менску, Віцебску, Слоніме і іншых гарадах. Але кіёскі абяцалі прыбраць з цэнтральных вуліц Салігорску. У сталіцы прыбіралі адзінкавыя кіёскі.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG