Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст віцяблян супраць «Табакерак» улады палічылі «беспадстаўным»


«Табакерка» побач зь Лядовым палацам у Віцебску

Віцебскі гарвыканкам адказаў на пэтыцыю, пад якой была сабрана рэкордная колькасьць подпісаў: 2035 чалавек цягам двух тыдняў падпісаліся за тое, каб на транспартных прыпынках не разьмяшчалі шапікі з тытунёвымі вырабамі. У адказе гаворыцца, што ніякіх законных падставаў, каб забараніць устаноўку «Табакерак», няма.

Зьвяртаючыся да гарадзкіх уладаў, аўтар пэтыцыі Яўген Крыскевіч апэляваў да нядаўняга Дэкрэту № 2 «Аб дзяржаўным рэгуляваньні вытворчасьці, абароту і спажываньня тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў» (ад 24 студзеня 2019 году). ​

Некаторыя шапікі ўжо працуюць
Некаторыя шапікі ўжо працуюць

Згодна з дэкрэтам, курыць на прыпыначных пунктах цяпер забаронена. Ставіць цыгарэтныя шапікі на віцебскіх прыпынках цалкам супярэчыць гэтаму пункту прэзыдэнцкага дэкрэту, бо «Табакеркі» — прамая рэкляма курэньня.

У камэнтарах да пэтыцыі гараджане зазначалі, што некаторыя шапікі стаяць побач зь дзіцячымі і мэдычнымі ўстановамі і што «Табакерак» надта шмат: адзін з жыхароў Віцебску налічыў 7 шапікаў на адлегласьці ў два тралейбусныя прыпынкі па праспэкце Фрунзэ.

Такі асартымэнт вабіць ня толькі дарослых
Такі асартымэнт вабіць ня толькі дарослых

Аргумэнты тых, хто супраць «Табакерак»

  • «Табакеркі» псуюць аблічча гораду;
  • Ставіць «Табакеркі» супярэчыць прапагандзе здаровага ладу жыцьця, якая вядзецца на дзяржаўным узроўні;
  • «Табакеркі» ставяць як паасобку, так і ў адзіным комплексе з абсталяваньнем транспартных прыпынкаў. Курыць у гэтых месцах забаронена, і продаж тытунёвых вырабаў выглядае нелягічным.
  • Асартымэнт «Табакерак» прыцягвае ўвагу дзяцей і падлеткаў, бо там прадаюцца шакалядкі, печыва ды іншыя ласункі. Гэта можа спарадзіць цікаўнасьць і да тытунёвых вырабаў.

Аргумэнты гарвыканкаму

  • Устаноўка «Табакерак» не супярэчыць заканадаўству;
  • Абсталяваньне прыпынкаў у комплексе з шапікамі робіцца за кошт устаноўшчыка «Табакерак» — СЗАТ «Энэрга-Оіл». І гэта дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі;
  • Месцы вызначаюцца гарадзкімі ўладамі разам з інвэстарам;
  • Продаж тытунёвых вырабаў у «Табакерках» не зьяўляецца іх рэклямаваньнем.

Адмову задаволіць патрабаваньні пратэстоўцаў падпісаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Сяргей Саглаеў.

Гарвыканкам абсталёўвае прыпынкі за кошт інвэстара
Гарвыканкам абсталёўвае прыпынкі за кошт інвэстара

Віцябляне пратэстуюць супраць «Табакерак» ня толькі праз пэтыцыі. На пачатку лютага віцебскія шоўмэны Аляксандар Карэнман і Эдуард Буевіч зьнялі гумарыстычны відэаролік пра тытунёвыя шапікі і заклікі дзяржавы да здаровага ладу жыцьця . У Тэлеграм-канале «Витебск на ладони» чытачы выклалі сатырычны фотакаляж, пэрсанажы якога — вядомая віцебская скульптура Старога Хатабыча і шапік «Табакерка».

Шапікі, каб ставіць у рэгіёне, вырабляюць тут жа, у Віцебску: цэх — на тэрыторыі заводу ВІЗАС. На вытворчасьці парушаюцца правілы аховы працы: у цэху няма ацяпленьня, вэнтыляцыі і належнага асьвятленьня, піша адзін з тамтэйшых работнікаў у пабліку «Витебск. Черный список».

У Віцебску паставілі ўжо 120 «Табакерак», зьбіраюцца ставіць яшчэ 60.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG