Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўныя «пужалкі» на цыгарэтах сталі абавязковымі


Беларускія вытворцы тытуню пачалі рабіць на цыгарэтных пачках папераджальныя надпісы па-беларуску, распавялі Свабодзе ў Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман».

Цяпер цыгарэтная пачка мае ўтрымліваць папярэджаньне пра магчымыя хваробы па-беларуску з аднаго боку і па-расейску з другога (расейскі надпіс ззаду), на абодвух баках утрымліваць выявы наступстваў гэтых хваробаў, што займаюць ня менш за палову плошчы паверхні, а таксама ўтрымліваць папераджальныя надпісы збоку пачкі.

Ад 15 траўня новыя цыгарэты ішлі з такімі надпісамі, а ад 15 лістапада — і тыя, што раней вырабляліся без такіх надпісаў, і новыя

«Ад 15 лістапада набыў сілу новы тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу на вытворчасьць цыгарэтаў, з гэтай даты ўсе пачкі цыгарэтаў павінны вырабляцца з надпісамі на адным боку на беларускай мове, з другой на расейскай, і суправаджацца застрашальнымі карцінкамі, — расказаў намесьнік гендырэктара «Нёмана» па камэрцыі Дзьмітры Чугай. — Новыя пачкі пачалі зьяўляцца ад траўня гэтага году, а з 15 лістапада вытворчасьць ужо цалкам перайшла на такія пачкі. Ад 15 траўня новыя цыгарэты ішлі з такімі надпісамі, а ад 15 лістапада — і тыя, што раней вырабляліся без такіх надпісаў, і новыя. І вытворчасьць, і тое, што па імпарце ўвозіцца, мусіць адпавядаць гэтым стандартам».

Правілы тычацца Эўразійскага эканамічнага саюзу — Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргістану і Расеі. Зацьверджаныя 12 карцінак і надпісаў, у тым ліку пра інфаркт, інсульт, рак, гангрэну, сьлепату, імпатэнцыю, мёртванароджанасьць

Раней беларускія цыгарэты з надпісамі па-беларуску былі вельмі рэдкімі, але больш за год у продажы былі цыгарэты расейскай вытворчасьці, што мелі на пачках надпісы па-беларуску і страшныя малюнкі.

Але расейскія вытворцы цыгарэтаў дапусьцілі памылку, зь якой пасьмяяліся ў інтэрнэце: пачкі пагражаюць курцам не пакутлівую сьмерць (па-расейску надпіс пра «мучительную»), а «пакутніцкую» (расейскі адпаведнік — «мученическая») — маўляў, як паміралі сьвятыя. Ці выправяць гэтую памылку ў Беларусі і ў Расеі, невядома. У Мінздароўя Беларусі кажуць, беларускую вэрсію надпісаў распрацоўвалі яшчэ ў 2011 годзе ў Акадэміі навук.

Цяпер забаронена называць цыгарэты «лёгкімі» і «мяккімі»

Паводле новых правілаў, вытворцам забаронена называць цыгарэты «лёгкімі», «мяккімі» ці «з паніжаным утрыманьнем смолаў», бо «лёгкія цыгарэты» шкодзяць здароўю ня менш за «нялёгкія». Таксама нельга рабіць выявы ці надпісы, што асэнсоўваліся бы з прадуктамі харчаваньня (напрыклад, пра «фруктовы арамат»), нельга рабіць рэклямныя ўкладышы ў пачкі, нельга пазначаць утрыманьне смолаў і нікатыну.

У Беларусі курэньне распаўсюджанае больш, чым у сярэднім па Эўропе: паводле Усясьветнай арганізацыі здароўя, кураць каля 30% дарослага насельніцтва, паводле беларускай статыстыкі — 23,2%. Зь іх 63,4% хочуць кінуць курыць, а чвэрць тых, хто кінуў курыць, быў вымушаны зрабіць гэта праз стан здароўя.​

Чытайце таксама: Беларускія вытворцы гатовыя раскрыць састаў цыгарэтаў: «У Расеі выкарыстоўваюць „хімію“, мы — не»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG