Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кураць 30% беларусаў. У Эўропе ў сярэднім 28%


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Распаўсюджанасьць курэньня тытуню ў Беларусі вышэйшая за сярэднеэўрапейскі ўзровень, сказаў БелаПАН кіраўнік стратэгічнага офіса Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO) ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Паводле зьвестак WHO, у Эўропе ў сярэднім кураць каля 28% дарослага насельніцтва, растуць паказьнікі курэньня сярод падлеткаў і жанчын. У Беларусі кураць больш за сярэднеэўрапейскі паказьнік: 30% насельніцтва. Таксама ў Беларусі расьце доля жанчын, якія кураць: на сёньня гэта 12,6% ад усіх жанчын.

Як кажа галоўны нарколяг Мінздароўя Беларусі Іван Канаразаў, каля 40% тых курцоў, што зьвярнуліся да спэцыялістаў, жадаючы пазбавіцца ад тытунёвай залежнасьці, дасягнулі сваёй мэты.

Усясьветныя выдаткі ад курэньня — кошт аховы здароўя і страты ад зьніжэньня прадукцыйнасьці працы — WHO ацэньвае ў 1,4 трлн даляраў на год. Ад наступстваў курэньня штогод памірае 7 млн чалавек.

Абнавіць «антытытунёвы закон» у Беларусі плянуюць яшчэ ад 2013 году. Цяпер, як і чатыры гады таму, трывае грамадзкае абмеркаваньне праекту адпаведнага дэкрэту. У праекце прапануецца прыраўняць «электронныя цыгарэты» да звычайных і забараніць продаж парагенэратараў непаўналетнім. Падрабязна пералічваюцца меры рэгуляваньня продажу і імпарту тытунёвых вырабаў, маркіроўкі пачкаў. Сярод іншага прапануецца стварыць дзьве катэгорыі зонаў, «вольных ад курэньня». Да якога часу будзе доўжыцца абмеркаваньне і калі праект дэкрэту возьмуць на дапрацоўку, не паведамляецца.

Тым часам застаецца невядомым, колькі беларусаў мае іншую шкодную звычку — спажываць алькаголь. Беларусы ў лідэрах па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва, у Эўропе больш за беларусаў піюць толькі літоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG