Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прапануюць забараніць курыць у машыне зь дзецьмі


Праект дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб дзяржаўным рэгуляваньні абарачэньня тытунёвых вырабаў і электронных сыстэмаў курэньня» вынесены на грамадзкае абмеркаваньне. Паўдзельнічаць у ім можна праз форму зваротнай сувязі або ў тэме на форуме Pravo.by.

У праекце дэкрэту прапануецца прыраўняць «электронныя цыгарэты» да звычайных і забараніць продаж парагенэратараў непаўналетнім. Падрабязна пералічваюцца меры рэгуляваньня продажу і імпарту тытунёвых вырабаў, маркіроўкі пачкаў. Сярод іншага прапануецца стварыць дзьве катэгорыі зонаў, «вольных ад курэньня».

У першую катэгорыю, дзе курэньне забароненае зусім, прапануецца ўнесьці працоўныя месцы, ліфты, гаўбцы, дапаможныя памяшканьні шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў, дзіцячыя пляцоўкі, пляжы, прыпынкі грамадзкага транспарту (плюс тэрыторыя ў радыюсе 10 мэтраў ад іх), сам грамадзкі транспарт (у тым ліку цягнікі), установы фізычнай культуры і спорту, дзіцячыя спартовыя і летнія лягеры, а таксама асабістыя аўтамабілі, калі ў іх прысутнічаюць дзеці да 14 гадоў.

У другую катэгорыю, дзе курыць можна будзе толькі ў спэцыяльна адведзеных для гэтага месцах, увайшлі аб’екты гандлю (у тым ліку рынкі і гандлёвыя цэнтры), грамадзкага харчаваньня, вытворчыя памяшканьні, дзяржаўныя ўстановы і ўстановы адукацыі, арганізацыі сацыяльных, банкаўскіх, страхавых і гатэльных паслуг, памяшканьні для прыёму грамадзян, пасажырскія тэрміналы, чыгуначныя вакзалы і аэрапорты, плятформы чыгуначнага транспарту, уласна водны транспарт.

Абнаўленьне «антытытунёвага закону» плянавалася ад 2013 году, але дагэтуль адкладалася. Чатыры гады таму таксама праводзілася грамадзкае абмеркаваньне праекту. Да якога часу будзе доўжыцца цяперашняе грамадзкае абмеркаваньне, і калі праект дэкрэту будзе ўзяты на дапрацоўку, не паведамляецца.

XS
SM
MD
LG