Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо і людзі плюнулі на гэта ўсё». Як сустракаюць «Табакеркі» ў Менску


Кіёск «Табакерка» на перасячэньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску

У Менску зьявіліся кіёскі продажу тытунёвых вырабаў «Табакеркі». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, іх будзе каля паўтысячы. У цэнтры Менску іх ставіць не плянуюць, а кампанія-уладальнік забараніла даваць камэнтары СМІ.

«Гэта не рэкляма»

«Табакерка» ўжо стаіць у Менску на прыпынку грамадзкага транспарту на перасячэньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага, ля 14-павярховага дома. Пакуль не працуе.

«Табакерка» на перасячэньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску
«Табакерка» на перасячэньні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску

«Цяпер вырашаецца пытаньне пра падключэньне электрычнасьці», — паведаміў Віталь Мурашка, начальнік аддзелу раздробнага гандлю тытунёвымі вырабамі кампаніі «Энэрга-ОІЛ», якой належаць кіёскі «Табакерка» па ўсёй Беларусі.

Як пазначана на сайце кампаніі, з 1 жніўня 2018 году СЗАТ «Энэрга-ОІЛ» зьяўляецца адзіным апэратарам продажу тытунёвых вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

Камэнтаваць сытуацыю Мурашка адмовіўся, бо «кіраўніцтва кампаніі сказала камэнтары для СМІ не даваць».

Аднак ён патлумачыў, што для кіёска ў гэтым месцы «выдзелена зямля, ёсьць пасьведчаньне пра дзяржаўную рэгістрацыю на гэтае месца і, адпаведна, на ўстаноўку».

Кіёск мае цёмна-шэры колер. Паводле Віталя Мурашкі, дызайн узгоднены з гарадзкім камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Сам ён ня лічыць, што кіёскі «Табакерка» рэклямуюць курэньне, як пра гэта часта пішуць у інтэрнэце.

«Гэта не рэкляма. Калі б мы ішлі ўразрэз з заканадаўствам, то адпаведна мелі б праблемы. Значыць, на сёньняшні дзень усе гэтыя пытаньні ўрэгуляваныя і ўзгодненыя», — мяркуе прадстаўнік «Энэрга Оіл».

«Як прадаваць — гэта стратэгія дзяржаўная, ня нам гэта вырашаць»

Менскія «Табакеркі»
Менскія «Табакеркі»

​Амаль пад самым дахам кіёска ёсьць шыльда, на якой пазначана, што ён зроблены 1 чэрвеня гэтага году кампаніяй vds.group.

Прадстаўнік кампаніі Павал Ксянжук пацьвердзіў, што замоўца настойвае, каб журналістам не давалі ніякай інфармацыі пра «Табакеркі».

«Пішуць усялякае, гавораць усялякае. Я тут замоўніка разумею. Ніхто ня піша пра стварэньне працоўных месцаў у краіне ці пра нейкае разьвіцьцё бізнэсу. Цыгарэт жа ня сталі больш ні на пачак прадаваць. Вытворцы цыгарэт ведаюць, пра што кажуць. Але ўсім не падабаецца.

Проста меней цыгарэт будзе прадаваць „Эўраопт“, а больш спэцыялізаваныя кіёскі. Ёсьць тры краіны ў Эўропе, дзе алькаголь і тытунь прадаюць толькі спэцыялізаваныя ўстановы. Але ў нас усе чамусьці любяць паліць гразьзю усё, што б ні рабілася. Як прадаваць — гэта стратэгія дзяржаўная, ня нам гэта вырашаць», — сказаў Павал Ксянжук.

Павал Ксянжук мяркуе, што «Табакеркі» курыць нікога не прымусяць.

«Любы вытворца наладжвае збыт. Гэта нармальна. Я думаю, курыць ня будуць больш. А культура гандлю цыгарэтамі праз кіёскі была яшчэ, мне здаецца, з часоў царскай імпэрыі. І ў СССР гэта было, тытунёвыя кіёскі заўсёды былі, даволі паглядзець на старой хроніцы на вуліцах Менску. Я тут нічога складанага ня бачу».

«Табакеркі» фарбуюць беларускай палімэрнай фарбай колеру «гарадзкая мэбля».

«„Гарадзкая мэбля“ — гэта колер несамавіты, каб не прыцягваў увагі. Калі б гэты кіёск быў ружовага колеру альбо ў колерах беларускага сьцяга, вы ўяўляеце, што было б? Гэта самы неназойлівы колер, які падыходзіць пад любую архітэктуру», — сказаў Павал Ксянжук.

Збор подпісаў супраць «Табакерак»

На сайце petitions.by зьбіраюць подпісы, каб прыбраць зь Менску тытунёвыя кіёскі «Табакерка», і патрабуюць ад уладальніка правесьці агульнагарадзкі рэфэрэндум, ці патрэбны яны.

Раней у СМІ паведамлялася, што «Энэрга Оіл» створыць у Беларусі амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Кіёскі «Табакерка» ўжо зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей. Але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў. Ці памянялася сытуацыя, на гэтае пытаньне ў Менгарвыканкаме Свабодзе пакуль не адказалі.​

«Гэта проста няўдалы бізнэс-праект»

У траўні сёлета ў Палаце прадстаўнікоў трое дэпутатаў выступілі супраць устаноўкі «Табакерак». Старшыня пастаяннай камісіі прамысловасьці дэпутат Андрэй Рыбак зьвярнуўся з гэтай нагоды да міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

У Палаце былі таксама агучаныя зьвесткі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя: ад хваробаў, выкліканых курэньнем, у Беларусі штогод памірае прыкладна 15 тысяч чалавек.

Што цяпер думае пра «Табакеркі» дэпутат Андрэй Рыбак?

«Напрыклад, у маёй акрузе (Салігорская гарадзкая акруга. — РС) іх паставілі, яны стаяць пустыя. Ні плюс, ні мінус. Я лічу, што гэта проста няўдалы бізнэс-праект, і ўсё. Ужо і людзі плюнулі на гэта ўсё. Я ня ведаю, навошта было трэба гэта тым, хто ўклаў у гэта грошы. У нас хапае сеткі, якая прадае гэтыя тытунёвыя вырабы. Ён стаіць і проста займае месца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Андрэй Рыбак.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG