Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі пачалі збор подпісаў супраць «Табакерак» у сталіцы


На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем прыбраць зь Менску тытунёвыя кіёскі «Табакерка», якія ўжо зьявіліся ў горадзе, і патрабаваньнем да ўладальніка правесьці агульнагарадзкі рэфэрэндум, ці патрэбны яны.

Пэтыцыя зьявілася 2 ліпеня, за выходныя сабрана ўжо больш за паўтары тысячы подпісаў (1599 на момант публікацыі). Пэтыцыю плянуюць накіраваць у Менскі гарвыканкам і Мінгандлю Беларусі.

Аўтары пэтыцыі патрабуюць адказаў на наступныя пытаньні:

  • як тое, што кіёскі розьнічнага гандлю дазволілі паставіць толькі аднаму бізнэсоўцу, суадносіцца з антыманапольным заканадаўствам Беларусі?
  • ці ўзгоднена ўстаноўка кіёскаў з санітарна-эпідэміялагічнай службай?
  • на падставе якіх дакумэнтаў было прынята станоўчае рашэньне аб прымальным для гораду вонкавым выглядзе кіёскаў? (Аўтары пэтыцыі нагадваюць, як у 2017 годзе гарадзкія ўлады прыбралі зь Менску ўсе камэрцыйныя кіёскі, патлумачыўшы рашэньне парушэньнем санітарных нормаў і тым, што «кіёскі псуюць выгляд гораду», але, на думку аўтараў пэтыцыі, «Табакеркі» таксама псуюць выгляд гораду.)
  • чаму не пыталіся думкі ў жыхароў Менску, ці згодныя яны з усталяваньнем у горадзе 500 кіёскаў раздробнага гандлю?

У пэтыцыі патрабуюць:

  • дэмантаваць ужо пастаўленыя кіёскі «Табакерка» ў Менску;
  • забараніць далейшую ўстаноўку любых кіёскаў раздробнага гандлю як састарэлага фармату;
  • у выпадку калі Аляксей Алексін (або іншыя бізнэсоўцы) хочуць вярнуць кіёскі ў Менску — хай правядуць мясцовы рэфэрэндум, куды вынесуць пытаньне на галасаваньне для жыхароў гораду.

У пэтыцыі адзначаецца, што ў Палаце прадстаўнікоў таксама выступілі супраць «Табакерак».

Кіёскі «Табакерка» ўжо зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей. Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць кіёскі з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG