Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыгарэты, прэзэрватывы, талёнчыкі. Што прадаюць у «Табакерках» Алексіна


Кіёск «Табакерка» ў Менску
Кіёск «Табакерка» ў Менску

Пачынаючы зь лютага на тытунёвым рынку Беларусі зьявіцца кампанія «Інтэр Табака» бізнэсоўца Аляксея Алексіна — гаспадара кіёскаў «Табакерка», усталяваных па ўсёй краіне.

Адначасова з 1 лютага павышаюцца цэны на некаторыя цыгарэты.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка надзяліў «Інтэр Табака» статусам спэцымпартэра тытунёвай сыравіны паводле прэзыдэнцкага ўказу № 298 ад 7 жніўня 2019 году. Кампаніі дазволілі імпартаваць у Беларусь цыгарэты L&M, Parliament і Marlboro.

Кіёск «Табакерка» ў Менску
Кіёск «Табакерка» ў Менску

Раней імпартам цыгарэт займалася кампанія «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.

Таксама «Інтэр Табака» павінна наладзіць вытворчасьць тытунёвых вырабаў у прамысловай зоне Шабаны. Участак на тэрыторыі прамысловай зоны плошчай 1,48 га, на якім разьмяшчалася кампанія, быў пашыраны, яго выключылі з Заводзкага раёну Менску і далучылі да Менскага раёну.

Аб’ём інвэстыцый складзе каля 100 мільёнаў рублёў, будзе створана каля 200 працоўных месцаў. Ужо цяпер прапануюцца вакансіі на новым прадпрыемстве.

У кампаніях Аляксея Алексіна адмовіліся ад камэнтароў.

Як сустракаюць «Інтэр Табака» кіёскі «Табакерка»?

У 2018 годзе на тытунёвым рынку Беларусі зьявілася кампанія Аляксея Алексіна «Энэрга-Оіл», якой дазволілі стварыць адзіную гандлёвую сетку па продажы тытунёвых вырабаў на ўнутраным і зьнешнім рынку. Па ўсёй Беларусі пачалі ставіць кіёскі «Табакерка» для продажу цыгарэт. У Менску іх мае стаць амаль 500.

Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.

У раёне вуліц Шаранговіча і Гарэцкага ў Менску тры «Табакеркі» паставілі на трох запар прыпынках грамадзкага транспарту ў даволі ажыўленых месцах, яшчэ адну — праз два прыпынкі, каля гандлёвага цэнтру «Maximus».

Працуюць зь іх толькі дзьве. Кіяскерка расказала, што працу знайшла праз сайт кампаніі, заробак — 540 рублёў, працуе тры дні, пасьля тры выходныя.

Тавары ў менскай «Табакерцы»
Тавары ў менскай «Табакерцы»

На «Табакерках» вывешаны сьпіс тытунёвых вырабаў, якія можна набыць — 112 гатункаў (імпартаваных і беларускіх). Тут жа прадаюць іншыя тавары — прэзэрватывы, чыпсы, фасаваныя сухафрукты, каву, энэргетычныя напоі, запалкі, жуйкі і шакаляд. У адной з «Табакерак» можна набыць талёнчыкі на грамадзкі транспарт.

Прэзэрватывы ў менскай «Табакерцы»
Прэзэрватывы ў менскай «Табакерцы»

Аляксей Алексін займае 4-е месца ў топ-200 найбольш пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, паводле ej.by.

Сярод інтарэсаў Алексіна, апроч дыстрыбуцыі тытунёвых вырабаў, — гандаль нафтапрадуктамі, банкаўская сфэра (МТБанк), вытворчасьць мясных вырабаў («Вялес-Міт»), дэвэлапмэнт, лягістыка і рэстаранны бізнэс.

Участак для ўласнай сядзібы «Радавое гняздо» Аляксей Алексін атрымаў на Заслаўскім вадасховішчы. Поруч ён ужо мае два аб’екты: гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс на 7 гектараў.

Алексін — былы галоўны спэцыяліст дэпартамэнту энэргарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзьнешгандальінвэст», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі. Быў ён і партнэрам набліжанага да кіраўніка Беларусі бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Аднак у 2012 годзе іх шляхі разышліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG