Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўпершыню прыбралі «Табакерку». Як пераконвалі зрабіць гэта


Фота са звароту на сайце Petitions.by

У Менску дэмантавалі тытунёвы кіёск «Табакерка» на вуліцы Кнорына, на які мясцовыя жыхары паскардзіліся ў раённую адміністрацыю. Пра гэта паведаміла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску ў адказ на электронную пэтыцыю на сайце Petitions.by.

Мясцовыя жыхары ў пэтыцыі прасілі прыбраць «Табакерку» ля дома № 10 па вуліцы Кнорына, адзначаючы, што «акрамя пытаньняў эстэтычнага і юрыдычнага характару» кіёск нясе «небясьпеку для ўдзельнікаў дарожнага руху», а менавіта:

  1. Ён абмяжоўвае бачнасьць раварыстам, карыстальнікам электрасамакатаў, монаколаў і інш., што павялічвае рызыку сутыкненьня зь іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху.
  2. Калі ля кіёска зьбярэцца чарга, яна можа перакрыць увесь ходнік, што створыць дадатковыя перашкоды для руху.
  3. Кіёск стаіць у непасрэднай блізкасьці да пешаходнага пераходу і можа ствараць «сьляпую зону» для кіроўцаў аўтамабіляў, што стварае рызыку жыцьцю і здароўю грамадзян.
  4. Таксама аўтары пэтыцыі адзначалі немэтазгоднасьць разьмяшчэньня кіёска побач з прадуктовай крамай, дзе можна набыць у тым ліку і цыгарэты. Пад пэтыцыяй падпісалася 188 чалавек.

Кіёск пасьля гэтага прыбралі, а 1 кастрычніка аўтары пэтыцыі атрымалі адказ з адміністрацыі Першамайскага раёну. У ім гаворыцца, што тытунёвы кіёск «у цяперашні час дэмантаваны». У той жа час у адказе адзначаецца, што кампаніі «Энэрга-Оіл» дазволілі разьмяшчэньне спэцыялізаваных кіёскаў па продажы тытунёвых вырабаў на тэрыторыі Перашамайскага раёну Менску ў адпаведнасьці з рашэньнем Менгарвыканкаму ад 15.08.2019 № 2481.

Сувязь пэтыцыі і дэмантажу ў адказе ня згадваецца.

У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка даручыў бізнэсоўцу Аляксею Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Кіёскі «Табакерка», якія належаць кампаніі Алексіна «Энэрга Оіл», зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей.

Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» у цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG