Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка надаў кампаніі ўладальніка «Табакерак» статус спэцімпартэра тытунёвай сыравіны


Ілюстрацыйнае фота. Кіёск «Табакерка» ў вёсцы Машканы Віцебскай вобласьці

Кампаніі «Інтэр Табакка» Аляксея Алексіна дазволена рэалізацыя выключнага права дзяржавы на ажыцьцяўленьне імпарту тытунёвай сыравіны. Гэта вынікае з прэзыдэнцкага ўказу № 298 ад 7 жніўня 2019 году.

Дакумэнт прыняты ў мэтах «стварэньня дадатковых умоваў для вытворчасьці тытунёвых вырабаў».

«Інтэр Табакка» — новае прадпрыемства вытворчасьці тытунёвых вырабаў высокага спажывецкага ўзроўню, гаворыцца ў прафайле кампаніі. Год таму стала вядома, што «Інтэр Табакка» зоймецца выпускам цыгарэт у прамзоне Шабаны. Для стварэньня вытворчасьці зьмянілі межы Менску. Чаканы аб’ём інвэстыцый у праект ацэньваўся прыкладна ў 100 мільёнаў рублёў.

У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Кіёскі «Табакерка», якія належаць іншай кампаніі Алексіна «Энэрга Оіл», ужо зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей. Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць кіёскі з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG