Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальніку «Табакерак» далі ўчастак на Менскім моры пад сямейную сядзібу


Бізнэсовец Аляксей Алексін атрымаў участак на Заслаўскім вадасховішчы пад «Радавое гняздо» (так будзе называцца ягоная сядзіба). Поруч ён ужо мае два аб’екты: гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс на 7 гектараў, паведамляе Realt.tut.by.

Паводле Адзінага дзяржаўнага рэестру нерухомасьці, зямлю плошчай 3,8 гектары Аляксей Алексін атрымаў у арэнду на 99 гадоў у верасьні 2018 году. Памер гадавой аплаты — 1 185,79 рубля, мэта арэнды — будаўніцтва і абслугоўваньне сямейнай сядзібы «Радавое гняздо».

У Сёмкаве бізнэсовец ужо мае два аб’екты: гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры» і стралковы комплекс. «Сябры» зьявіліся за 9 кілямэтраў ад менскай кальцавой каля 10 гадоў таму. У 2017 годзе кампанія Алексіна «Энэрга Оіл» атрымала дазвол на будаўніцтва стралковага комплексу праз дарогу ад «Сяброў».

Кампанія – уладальніца сеткі «Табакерка», тытунёвыя кіёскі якой ужо стаяць па ўсёй краіне, мае статус спэцімпартэра тытунёвай прадукцыі. Гэта вынікае з прэзыдэнцкага ўказу № 298 ад 7 жніўня 2019 году. Гэта адзіная сетка кіёскаў, якой дазволілі ставіць свае павільёны амаль паўсюль і свабодна гандляваць тытунем.

У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка даручыў бізнэсоўцу Аляксею Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Кіёскі «Табакерка», якія належаць кампаніі Алексіна «Энэрга Оіл», зьявіліся ў многіх гарадах Беларусі і выклікалі пратэсты людзей.

Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц. Менгарвыканкам забараніў ставіць «Табакеркі» ў цэнтры гораду, але ў астатніх месцах дазволіў.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG