Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе сапраўдны мужчынскі ўчынак — сысьці, не чакаючы 9 жніўня», — актывістка жаночага руху зьвярнулася да Лукашэнкі


Людміла Пеціна
Людміла Пеціна

Лідэрка Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху праз Свабоду зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў і сысьці, не чакаючы 9 жніўня. «Гэта ня будзе вашай паразай. Гэта будзе галоўны і сапраўдны мужчынскі ўчынак у вашым жыцьці!» — перакананая Людміла Пеціна.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Не выбірала вас ні ў 1994, ні ў наступныя гады»

«Аляксандар Рыгоравіч, вы ня мой прэзыдэнт і ніколі вы ім не былі для мяне. Я не выбірала вас ні ў 1994, ні ў наступныя гады. Для мяне вы чалавек ня толькі ўчорашняга дня, а чалавек зь цёмных трыццатых мінулага стагодзьдзя, натхнёны Гітлерам і Сталіным, — заяўляе Людміла Пеціна. — Усе гэтыя 26 гадоў я ўспрымала вас не як прэзыдэнта, а як захопніка. Бо ўся ваша палітыка — гэта дзеяньні акупанта на захопленай падуладнай тэрыторыі, які вынішчае сымбалі, гісторыю, культуру, мову тытульнай нацыі, які ваюе з патрыётамі сваёй краіны і душыць іншадумства. Увесь сумнеўны „посьпех“ вашага кіраваньня пабудаваны на хлусьні, гвалце і хамстве пры падтрымцы і заступніцтве ўсходняга суседа».

Людміла Пеціна зьвяртаецца да кіраўніка Беларусі: «Гэта вы абакралі нашу краіну і гэта вашы актывы трэба шукаць па ўсім сьвеце і вярнуць у Беларусь. Гэта вы са сваім сынам Віктарам павінны зараз сядзець у СІЗА і даваць паказаньні аб схемах у ААЭ, на Кіпры і ў іншых афшорах».

Адна зь першых беларускіх фэміністак лічыць, што кіраўнік Беларусі «ў неаплатным даўгу перад жанчынамі Беларусі: «І сёньня многія жанчыны кажуць вам „Не“, падпісваюцца за альтэрнатыўных кандыдатаў і стаяць у ланцугах салідарнасьці ў падтрымку рэпрэсаваных. Іх матывацыя — жыцьцёвая патрэба ў справядлівасьці».

«Гэта вы стварылі разрыў у аплаце працы, і пагружаеце жанчын у галечу»

Паводле Людмілы Пецінай, у Беларусі менавіта жанчыны складаюць большую частку працоўных рэсурсаў, яны плацяць падаткі і напаўняюць бюджэт: «Але разьмеркаваньне бюджэту ідзе не на патрэбы жанчын, якія працуюць у адукацыі, ахове здароўя, сацыяльнай, культурнай і іншых сфэрах. Падаткі жанчын ідуць на ўтрыманьне сілавых структур, дзе заробкі ў разы большыя. Гэтыя незьлічоныя падразьдзяленьні абараняюць не жанчын, а вашу ўладу, бессаромна ўчыняюць рэпрэсіі і гвалт, у тым ліку супраць жанчын. Гэта вы стварылі разрыў у аплаце працы і пагружаеце жанчын у галечу. Больш за палову жанчын, якія працуюць, бедныя, іх даходы ня могуць пакрыць нават базавыя патрэбы».

Людміла Пеціна лічыць, што ігнаруецца ня толькі эканамічная, але і фізычная бясьпека беларускіх жанчын.

«Пры шырокім распаўсюдзе сямейна-бытавога гвалту вы не падпісалі закон аб прадухіленьні хатняга гвалту, наадварот, вы ўзьнялі вэрхал вакол яго, сьцьвярджаючы, што закон разбурыць сямейныя каштоўнасьці. Але менавіта вы топчаце сямейныя традыцыі і разбэшчваеце грамадзтва сваімі паводзінамі. Усе гэтыя гады ваш сямейны статус пад сумневам, але ўсім вядома ваша амаральнае і спажывецкае стаўленьне да жанчын», — піша Людміла Пеціна ў сваім звароце.

«Вы не прызнаяце роўнасьці жанчын у сфэры прыняцьця рашэньняў, пастаянна публічна прыніжаеце ролю жанчын, і гэта ваша беспасярэдная віна, што ўсе гады вашага кіраваньня Кабінэт міністраў быў і застаецца мужчынскім клюбам, які абслугоўвае толькі вашыя інтарэсы. Беларускія жанчыны высокаадукаваныя і прафэсійныя, яны канкурэнтаздольныя і маглі б заняць ня менш за палову месцаў у Кабінэце міністраў і ў парлямэнце, многія зь іх маглі б пасьпяхова кіраваць краінай на пасадзе прэзыдэнта. Але менавіта вы зьнішчылі ўсе дэмакратычныя працэдуры кар’ернага росту і свабодных выбараў, замяніўшы іх на прамыя прызначэньні па прынцыпе асабістай адданасьці і ляяльнасьці», — лічыць Людміла Пеціна.

Актывістка жаночага руху заклікае кіраўніка Беларусі сысьці: «Вы павінны неадкладна спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў і сысьці, не чакаючы 9 жніўня. Гэта ня будзе вашай паразай. Гэта будзе галоўны і сапраўдны мужчынскі ўчынак у вашым жыцьці!».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG